Мітрапаліт Кандрусевіч: у наступным годзе Беларусь чакае Бэнэдыкта XVI

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у размове з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам (KAI) адзначыў, што Беларусь чакае ў наступным годзе візіту Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

Мітрапаліт паінфармаваў аб тым, што афіцыйнае запрашэнне біскупы Беларусі выкажуць Пантыфіку падчас візіту ad limina Apostolorum у Апостальскую Сталіцу, які павінен адбыцца ў снежні гг.

Мітрапаліт Кандрусевіч таксама нагадаў аб тым, што некалькі год таму Беларусь чакала візіту папы Яна Паўла ІІ, які тым не менш не адбыўся, хоць Папа з Польшчы не раз духоўна пілігрымаваў у нашу краіну. «Бэнэдыкт XVI атрымаў ужо два запрашэнні ў Беларусь ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. У мінулым годзе Прэзідэнт запрашаў Папу праз Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці кардынала Тарчызіо Бэртонэ, а ў гэтым годзе — падчас свайго візіту ў Апостальскую Сталіцу ў красавіку». Іерарх нагадаў таксама аб тым, што ён сам падчас аўдыенцый не раз запрашаў Святога Айца наведаць Беларусь, і на гэта Пантыфік адказваў: «Калі Бог дазволіць і калі адчыняцца гэтыя дзверы». «Таму мы молімся і чакаем, каб гэтыя дзверы адчыніліся і каб Святы Айцец прыехаў да нас», — дадаў іерарх. Найбольш верагодным часам візіту з’яўляецца вясна або лета 2010 г. Акрамя сталіцы Беларусі Папа таксама меў бы магчымасць наведаць Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.

Адказваючы на пытанне аб тым, наколькі магчымай з’яўляецца сустрэча Бэнэдыкта XVI з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што існуе вялікая верагоднасць такой сустрэчы, якая магла б адбыцца, напрыклад, у Мінску. «Сёння гэта стала сапраўды магчымым. Падчас свайго нядаўняга візіту ў Беларусь Патрыярх Кірыл не аднойчы надзвычай добра выказваўся аб каталіцка-праваслаўных адносінах, асабліва ў нашай краіне. Акрамя гэтага, аб сустрэчы Папы і Патрыярха шмат гаварылася падчас візіту ў Ватыкан архіепіскапа Іларыёна, кіраўніка Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. У Беларусі існуюць вельмі добрыя адносіны паміж нашымі Цэрквамі, аб чым сведчыць, у прыватнасці, той факт, што за час свайго прабывання ў Беларусі я быў некалькі разоў запрошаны выступіць з дакладамі на канферэнцыях, арганізаваных Рускай Праваслаўнай Царквой. Таксама мы сустракаемся на набажэнствах падчас важнейшых святаў. Падчас нядаўняга асвячэння вады з цудоўнай крыніцы ў Вішневе на ўрачыстасці прысутнічалі праваслаўныя святары. Клімат паміж нашымі Цэрквамі надзвычай добры, і з гэтай прычыны Беларусь — сапраўды добрае месца для сустрэчы папы Бэнэдыкта XVI з Патрыярхам Кірылам. Відавочным з’яўляецца тое, што ўсё залежыць ад Пана Бога і ад саміх бакоў, зацікаўленых у гэтай сустрэчы».

catholic.by