Андрэй Фёдараў: “Для Беларусі памяншаюцца магчымасці манеўра”
Падчас канферэнцыі “Беларусь-Расія: ратацыя альбо перазагрузка” былы намеснік міністра замежных спраў Расіі, генеральны дырэктар Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтра Андрэй Фёдараў расказаў Еўрарадыё, як у Крамлі ўспрымаюць імкненне Беларусі сябраваць з Еўрасаюзам, калі Расія перастане даваць нам крэдыты і чаму Лукашэнка думае, што Масква яму можа здрадзіць.
— Шмат размоў пра тое, што Крамлю не падабаюцца спробы збліжэння Беларусі і Еўрасаюза. Гэта сапраўды так, ці ў Крамлі на гэта глядзяць абыякава?
Андрэй Фёдараў: Пэўны непакой сапраўды ёсць. Перш за ўсё таму, што ў агульнаеўрапейскіх працэсах саюз з Беларуссю неабходны. У прыватнасці, у справе прасоўвання ідэй новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі кожны голас важны. І голас Беларусі таксама вельмі важны. Па-другое, калі ў нас са Злучанымі Штатамі не будзе вырашана пытанне па размяшчэнні элементаў ПРА ў Польшчы і Чэхіі, калі мы не знойдзем агульную мову з НАТА па нармалізацыі адносінаў, то больш-менш адэкватны ці неадэкватны адказ без Беларусі даць немагчыма. Беларусь патрэбна як ваенна-палітычны саюзнік. Адпаведна, калі з’яўляецца пагроза, што гэты саюзнік не пойдзе разам з табой і ты застанешся ў адзіноце, тут ёсць сур’ёзны непакой.
“Для Беларусі памяншаюцца магчымасці манеўра”
— Палітолагі і аналітыкі сцвярджаюць: у Крамлі выдатна разумеюць, што Лукашэнка іх перыядычна падманвае. Гэты ваенна-палітычны саюз з Беларуссю для Расіі сапраўды такі важны, што там гатовыя заплюшчваць вочы?
Андрэй Фёдараў: Гэта пытанне палітычнай цаны. Так, разумеюць, што зрэдку падманвае. Так, разумеюць, што грошы, якія даюцца, інвестуюцца, што яны не вернуцца. Але гэта пытанне палітычнай лаяльнасці, гэта кошт саюзніцтва. Так сама, як і амерыканцы ўбухваюць у асобныя краіны, каб мець палітычную падтрымку. Бо, магчыма, калі-небудзь голас Беларусі дзе-небудзь у ААН апынецца залатым.
— А тое, што пакуль не зразумела стаўленне Беларусі да КСАР, накладае нейкі адбітак на ўзаемаадносіны?
Андрэй Фёдараў: Безумоўна. Бо цягам 2-3 гадоў, пакуль ішла праца над стварэннем КСАР, ні ў каго сумневу не было, што Беларусь будзе актыўнай часткай гэтага праекту. Тое, што потым адбылося — шмат для каго гэта стала шокам.
— Любому кіраўніку не падабаецца, калі за яго спіной, праз яго галаву робяцца нейкія справы. А Лукашэнка напярэдадні візіту ў Сочы рассылаў лісты губернатарам расійскім…
Андрэй Фёдараў: Ды гэта ўжо даўно робіцца! З 96 года, калі ён, як вядома, і прылятаў у рэгіёны, і іншае. Безумоўна, шмат кім гэта ўспрымаецца як скачок праз галаву, але тут даўно нічога новага няма.
— Пуцін перыядычна пагражае Беларусі намёкамі, што хопіць нас карміць, прадаваць танна газ і нафту. Чым гэта можа скончыцца?
Андрэй Фёдараў: Ды ні чым! Нам нікуды ад гэтага не дзецца. Мы без Беларусі, у тым ліку і як транзітнай краіны, не ў стане развіваць сваю энергетычную, транспартную стратэгіі. Напрыклад, як без Беларусі рэалізаваць канцэпцыю новай чыгункі ў Еўропу?
— Калі казаць пра транзіт нафты, напрыклад, то будуюцца нафтаправоды і з поўначы ад Беларусі, і з поўдня…
Андрэй Фёдараў: Ды нічога яшчэ не будуецца! У тым-та ўся і справа. “Паўднёвы паток”, безумоўна, памрэ. “Паўночны паток” сустракае велізарныя цяжкасці. І таксама можа сканаць. І што тады? Вазіць танкерамі? Але, па-першае, Фінскі заліў замярзае зімой. А па-другое — гэта ўсё добра да першай экалагічнай катастрофы. Чым добрыя газа- і нафтаправоды па зямлі — нават калі катастрофа, то наступствы мінімальныя. А калі два танкеры сутыкнуцца паміж Хельсінкі і Талінам, то ўсё будзе зусім па-іншаму.
— Хай з абмежаваннямі, але Расію ў Еўропе ўспрымаюць як дэмакратычную краіну. Яе імідж не псуецца ад таго, што лепшы сябра — таталітарная Беларусь?
Андрэй Фёдараў: Заходнія палітыкі — вельмі прагматычныя людзі. Яны выдатна разумеюць, чаму Расія так ці інакш паводзіць сябе ў адносінах да Беларусі. Яны проста заплюшчваюць вочы — і ўсё.
— Гэта пра немцаў кажуць, што яны культывуюць “рэал палітык”. Што, цяпер і ўся астатняя Еўропа пачала жыць паводле гэтага прынцыпу?
Андрэй Фёдараў: Думаю, так. Тым больш, што зараз, калі будзе завершаны працэс ратыфікацыі Еўрапейскай канстытуцыі, калі з’явіцца пасада прэзідэнта Еўрасаюза, міністра замежных спраў — гэта акурат і будзе прыклад “рэал палітык”. Там не будзе ні нацыянальных сантыментаў, ні асаблівасцяў і гэтак далей. Там будзе тая лінія, якая будзе лініяй узгодненай, адпрацаванай. У тым ліку ў адносінах да Беларусі і Расіі. І таму той люфт, які зараз ёсць, які Расія раней выдатна выкарыстоўвала — пайграць з Нямеччынай, з Францыяй — там гэтага ўжо не будзе. Люфт становіцца вузкім. І для Беларусі памяншаюцца магчымасці манеўра.
— І паступова Еўрасаюз забудзецца пра свае ўмовы Беларусі, пра палітвязняў…
Андрэй Фёдараў: Так. У Еўрасаюза ў Беларусі таксама ёсць прагматычная цікаўнасць. І на гэта грошай шкадаваць не будуць, паверце.
— Непрыемныя прагнозы…
Андрэй Фёдараў: А мне падаецца — наадварот. Чым больш зразумелымі будуць правілы гульні, тым лепш. Тым лягчэй дамаўляцца.
— А як жа будучыня нашай дэмакратыі?
Андрэй Фёдараў: А вось разам з грашыма сюды і прыйдзе дэмакратыя. Без дэмакратызацыі краіны грошы сюды не пойдуць. Могуць даць 300 мільёнаў. Але наступныя 500 мільёнаў будуць ужо даваць пад канкрэтныя палітычныя ўмовы.
“Як толькі дамовяцца наконт грошай, так адразу і новы элемент дэмакратыі яшчэ з’явіцца”
— Паўсюль спачатку дэмакратыя, а потым грошы. А ў нас — наадварот?
Андрэй Фёдараў: Так, спачатку грошы, а потым дэмакратыя. Як толькі дамовяцца наконт грошай, так адразу і новы элемент дэмакратыі яшчэ з’явіцца. Але не будзе ўсё імгненна і ўжо заўтра: кавалак за кавалкам, каўбаска за каўбаскай.
— Вы лічыце, Захад такі прыме Лукашэнку?
Андрэй Фёдараў: Лукашэнка можа быць прыняты Захадам праз пэўны час і на пэўных умовах. Захад прагматычны. Калі ён палічыць, што выгадна ўзяць Лукашэнку і пасадзіць за стол, то ён гэта зробіць. Бо ў Захаду ёсць свае эканамічныя і палітычныя інтарэсы. Я лічу, што ў той ці іншай сітуацыі Лукашэнка можа больш пайсці насустрач Захаду, чым Расіі. Лукашэнка лічыць, што Захад можа яму здрадзіць у меншай ступені, чым Расія. Што Захад павядзе сябе ў адносінах да яго больш сумленна. Момант фінансавы таксама важны: Захад мае і будзе мець грошы. А ў нас грошай будзе значна менш.