Вацлаў Гавел атрымаў прэмію з рук Станіслава Шушкевіча
Прэміяй імя Яна Новака-Езеранскага узнагароджваюцца людзі ці ўстановы, якія зрабілі істотны ўнёсак ў будаванне дэмакратыі і абарону правоў чалавека.
Гэтая ўзнагарода была заснаваная 4 чэрвеня 2004 года славутым грамадзянскім дзеячам, былым дырэктарам польскай службы “Радые Свабода” Янам Новакам-Езеранскім, прэзідэнтам Уроцлава, і Калегіяй Усходняй Еўропы. Традыцыйна ўзнагарода ўручаецца 4 чэрвеня ў гадавіну першых дэмакратычных выбараў у Сойм у 1989 годзе. Прэміяй узнагароджваюцца людзі ці ўстановы, якія зрабілі істотны ўнёсак ў будаванне дэмакратыі і абарону правоў чалавека.
Прэмія ўручаецца з 2004 года. Першым лаўрэатам прэміі стаў прэм’ер першага пасля другой сусветнай вайны некамуністычшага ўрада Польшчы Тадэуш Мазавецкі, ў 2005-м годзе прэмію атрымаў былы прэзідэнт ЗША Дж. Буш старэйшы, ў 2006-м – Станіслаў Шушкевіч, ў 2007-м расійскі праваабаронца Сяргей Адамавіч Кавалёў, у 2008-м – французкі кардынал Жан-Мары Люстыгер.
У гэтым годзе былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч уручыў премію экс-прэзідэнту Чэхіі Вацлаву Гавалу.
Як паведаміў у гаворке з прэсавай службай грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Спадар Станіслаў Шушкевіч, “у гэтым годзе ўручэнне прэміі імя Яна Новака-Езеранскага адбывалася ў месцы, якое называецца Asalineum. Гэта стары маёнтак польских магнатаў. Зараз ён з’яўляецца часткай Вроцлаўскага універсітэту – вельмі цікавае месца з багатай гісторыяй. Сярод рукапісаў шматлікіх паэтаў і пісьменнікаў там таксама знаходзяцца рукапісы Адама Міцкевіча”.
Таксама ён адзначыў:
— Пад час імпрэзы са Спадаром Гавалам мы размаўлялі шмат аб чым – аб сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Чэхіі, аб сітуацыі ў свеце і вакол нашых краінаў. Сп. Гавел – вельмі інтэлігентны і разумны чалавек. Прыемна было і тое, што таксама на ўзнагароджанні прысутнічаў Адам Міхнік – шматгадовы дысідэнт, а зараз – галоўны рэдактар найбуйнейшай польскай “Газэты Выборчай”.
— Наколькі Вацлаў Гавел цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі?
— Сп. Гавел шмат займаецца пытаннямі дэмакратыі і правоў чалавека ў розных краінах. Цікавіцца ён і беларускай сітуацыяй, добра яе ведае, сустракаецца з беларускімі апазіцыянерамі і грамадскімі дзеячамі. Пад час нашай сустрэчы ён казаў, што адчувае асабістую адказнасць за прасоўванне каштоўнасцяў дэмакратыі і правоў чалавека ў свеце, і не можа сысці на пакой.
Вацлаў Гавал з заснавальнікамі “Свабоднага тэатра” Мікалаем Халезіным, Наталляй Калядой, Уладзімерам Шчэрбанем
Ян Новак-Езеранскі з каардынатарам грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэям Саннікавым