Ветэраны “Фронту”: «Некаторыя дзеячы пайшлі па слізкай дарожцы»
11 актывістаў БНФ, у тым ліку Уладзімер Арлоў, Валянцін Голубеў, Аляксей Марачкін, Пётра Садоўскі заклікаюць «не паддавацца на ліслівыя намовы ідэолагаў «кіраванай апазіцыі».
Група вядомых актывістаў Партыі БНФ зьвярнулася да фронтаўцаў з заклікам «падтрымаць маральную нацыянальна‑дэмакратычную пазыцыю».
Ліст падпісалі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12‑га скліканьня Валянцін Голубеў, Пётра Садоўскі, Галіна Сямдзянава, доктар навук Юры Хадыка, мастак Аляксей Марачкін, пісьменьнік Сяржук Сокалаў‑Воюш і іншыя.
У лісьце адзначаецца, што
«некаторыя дзеячы палітычнай сцэны Беларусі ўжо фактычна пайшлі па сьлізкай дарожцы прыслугоўваньня ўладзе. Яны пачалі пераконваць міжнародную супольнасьць і беларускі народ, нібыта цяперашні рэжым стаў на шлях «лібэралізацыі».
І гэта гаворыцца ў той самы час, калі ня высьветленыя лёсы зьніклых, у турмах сядзяць палітычныя вязьні, нацыянальна сьведамую моладзь зьбіваюць дубінкамі й выкідаюць з унівэрсытэтаў, іншадумцы ня могуць знайсьці працы, а ўлада не зьбіраецца нават часткова зьмяняць выбарчае заканадаўства і практыку ў бок эўрапейскіх стандартаў. Гэта можа гучаць абсурдна, але цяперашняя ўлада Беларусі мэтадычна падрывае жыцьцяздольнасьць беларускае мовы, культуры, праўдзівай гістарычнай памяці, а значыць – духоўную моц беларускае нацыі. Частка эўрапейскіх палітыкаў таксама зрабіла выгляд, што ў нашай краіне адбылася «дэмакратызацыя», і заплюшчыла вочы на рэпрэсіі
Аўтары ліста заклікаюць «не паддавацца на лісьлівыя намовы ідэолягаў «кіраванай апазыцыі». Нельга пагаджацца аддаваць Беларускі Народны Фронт у рукі палітычных каньюнктурнікаў, рукамі якіх бліжэйшая прэзыдэнцкая кампанія будзе выкарыстаная для легітымізацыі рэжыму А. Лукашэнкі.
Партыя БНФ павінна імкнуцца вылучыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты й дамаўляцца толькі з тымі незалежніцкімі сіламі, якія, як і мы, бачаць пэрспэктыву Беларусі не ў перавыхаваньні цяперашняга рэжыму, а ў яго сыходзе», — гаворыцца ў лісьце.
Паводле радыё «Свабода»