Спыніць пераслед актывістаў
16 красавіка моладзь ізноў збіраецца на Кастрычніцкую – сярод патрабаванняў – вызваленне палітычных зняволеных і спыненне пераследу актывістаў.
Пачатак акцыі запланаваны на 18 гадзін па беларускім часе.
– 16 красавіка а 18-ай гадзіне мы збіраемся прыйсці на Кастрычніцкую плошчу, каб чарговы раз паказаць беларускай грамадскасці і сусветнай супольнасці, што на дадзены момант у Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя, і мы патрабуем іхняга вызвалення, – гаворыць лідэр руху Маладая Беларусь Артур Фінькевіч.
Удзел у мерапрыемстве возьмуць прадстаўнікі розных палітычных арганізацый, а адной з тэмаў акцыі стане не толькі патрабаванне вызвалення Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, але і заклік наагул спыніць уціск на актывістаў па палітычных прычынах.
– Яшчэ адно патрабаванне акцыі, гэта не толькі вызваленне палітвязняў, але і спыненне рэпрэсій па палітычных матывах, таму што, нягледзячы на так званую лібералізацыю, на тое, што Лукашэнку запрашаюць у Еўрасаюз, у нас працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, а ціск на моладзь, на палітычных актывістаў не спыніўся, а наадварот узмацніўся, – заявіў Радыё Рацыя адзін з каардынатараў кампаніі “Джынс за свабоду” Яўген Афнагель.