Апельсіны, бананы і лімоны ў суседняй Польшчы каштуюць амаль удвая танней
Карэспандэнты Еўрарадыё наведалі крамы ў Польшчы і Беларусі і параўналі цэны на папулярныя прадукты.
Зімой чалавеку не хапае садавіны і гародніны. Праўда, сённяшнія крамы мала залежаць ад пары года. У іх можна знайсці ўсё. Толькі ў розны час — у розных коштах. Карэспандэнты “Еўрарадыё” ўзялі кошыкі ды накіраваліся па прадукты ў беларускую і польскую крамы.
Як высветлілася, беларусу давялося выкласці за кошык здаровых прадуктаў на 19 тысяч рублёў больш, чым журналісту ў Польшчы.
У абедзвюх краінах адбылася дэвальвацыя. Праўда, у Беларусі – у адзін момант, а ў Польшчы паступова. Так, у Беларусі долар падаражэў з 2165 рублёў да 2700. А ў Польшчы – з 2 злотых да 3.37. Аднак прадукты чамусьці падаражэлі толькі ў нас. У Польшчы дзе-нідзе нават можна знайсці рэкламу рэстаранаў: “Мы не павышалі цэнаў ужо 8 год!”.
Пачнем з бульбы. Так званы “другі хлеб” беларусаў у нас даражэйшы, але не нашмат. Калі ў Польшчы кілаграм гэтай агародніны ў эквіваленце каштуе 960 рублёў, то ў мінскай краме – 1000.
А вось на садавіну розніца куды больш істотная. Так, яблыкі жыхарам суседняй краіны абыходзяцца на 1400 рублёў танней, чым нашым суайчыннікам. За апельсіны, мандарыны, лімоны ды бананы мы на 1700-1900 рублёў плацім больш за палякаў.
Цыбуля, капуста, морква, якія мы штодзённа спажываем, абыходзіцца нам у сярэднім на 200-500 рублёў даражэй.
З мяса возьмем курыцу, бо ялавічына і свініна істотна адрозніваюцца па якасці. За кілаграм філе птушкі нашы суседзі заплацяць на 3 тысячы рублёў танней. Кілаграм белага мяса ў нас каштуе 15190 рублёў, а ў палякаў толькі 12180, прычым у познім вечары гэтая лічба можа быць куды ніжэйшай.
Атрымліваецца, што такі харчовы набор з садавіны, гародніны і курынага мяса ў Беларусі абыдзецца ў 55270 рублёў. А ў Польшчы на 19180 танней. Калі параўнаем сярэднія заробкі (у Беларусі – 360 долараў, а ў Польшчы – 900), атрымаецца, што за сваю зарплату беларус зможа купіць 17 падобных набораў, а паляк – 66.
Варшава, Тэска Мінск, універсам “Чкалаўскі”
Бульба 960 — 1000
Цыбуля 1260 1530
Лімон 3210 — 5650
Апельсін 2640 — 5410
Малако 3,2% 1 л 1780 — 2020
Яблыкі 1780 — 3190
Курыца філе 12180 — 15190
Яйкі (10 шт.) 2430 — 3030
Мандарыны 3850 — 5580
Бананы 2800 — 4460
Памідоры 2500 — 7090
Капуста 700 — 1120
Агулам 36090 — 55270
Кошты прыведзеныя ў беларускіх рублях.