Усходняе партнёрства: гісторыя з працягам
Праграма Ўсходняга Партнёрства ЕС так і не была зацверджана на Саміце Еўрасаюза 11-12 снежня, хаця беларускія СМІ па невядомай прычыне паведамілі пра адваротнае. Паводле фінальнага дакумента, выдадзенага па выніках Саміта, “Еўрапейскі Савет вітаў прапанову”, высунутую ў камюніке Еўракамісіі ад 3 снежня 2008 года, але даручыў Савету дадаткова вывучыць “гэтую амбіцыйную ініцыятыву” з тым, каб зацвердзіць яе на сустрэчы ў сакавіку 2009 года ўжо пад кіраўніцтвам Чэскага прэзідэнцтва.
Такім чынам, нават перапрацаваны праект Усходняга Партнёрства, які быў прэзентаваны шырокай публіцы 3 снежня, падаўся кіраўнікам краін-удзельніц ЕС занадта абміцыйным і патрабуючым далейшай дапрацоўкі і карэктыроўкі.
У межах гэтага супербліца хацелася б акрэсліць асноўныя змены, якія былі ўнесеныя ў праект палітыкі Ўсходняга Партнёрства перад яе прэзентацыяй 3 снежня, ў параўнанні з першым праектам камюніке, падрыхтаваным ў апошняй дэкадзе лістапада і прааналізаваным BISS[2].
Па-першае, з канчатковага тэксту прапановы Еўрапейскай Камісіі знікла фраза пра неабходнасць прызнаць еўрапейскую ідэнтычнасць і праеўрапейскія памкненні ўсходнееўрапейскіх суседзяў, яна была замененая больш нейтральнай і шматзначнай[3], што паспрыяла яшчэ большаму выхалашчванню першапачатковай ідэі польскага ўраду пра Ўсходняе Партнёрства як пра прамежкавую палітыку да сяброўства ў ЕС. Відавочна, што першапачатковая фармулёўка была змененая пад ціскам некаторых краін ЕС, не зацікаўленых у далейшым пашырэнні Саюза на ўсход, а таксама з-за пазіцыі Расіі, якая ўгледзела ў ідэі Ўсходняга Партнёрства спробу ўмяшальніцтва ў расійскую сферу ўплыву.
Па-другое, у новым варыянце камюніке адсутнічае абзац пра вайну ў Грузіі і звязанае з ёю небяспечнае становішча суседзяў ЕС. Верагодна, што гэтыя змены таксама былі ўнесеныя на фоне аднаўлення перамоўнага працэсу з Расіяй каб не раздражняць апошнюю.
Па-трэцяе, нягледзячы на вышэйазначаныя пункты, ў фінальным дакуменце быў крыху ўзмоцнены статус Усходняга Партнёрства праз замену палажэння пра “прыярытэтнасць расійска-еўрапейскіх адносінаў” на “паралельнае развіццё Еўрапейскага Партнёрства і адносінаў з Расійскай Федэрацыяй”. Па-чацвёртае, быў зменшаны і без таго невялікі бюджэт Усходняга Партнёрства. У той час, калі ў праекце камюніке Еўракамісіі гаворка вялася пра дадатковы бюджэт у 600 мільёнаў Еўра на перыяд 2010-2013 гады (з далейшым фінансаваннем у 1,5 мільярды Еўра ў 2014-2020 гг.), то ў прэзентаваным 3 снежня дакуменце гаворыцца ўжо толькі пра 350 мільёнаў Еўра на перыяд 2010-2013 (канкрэтны бюджэт УП на 2014-2020 гг. не называецца). Гэты бюджэт прапануецца падмацаваць перанакіраваннем сродкаў з ENPI (фінансавы інструмент, які ўжо дзейнічае ў межах Еўрапейскай палітыкі суседства), што ўсё роўна зніжае агульную суму дапамогі ўсходнееўрапейскім краінам у параўнанні з папярэднім праектам Усходняга Партнёрства[4].
Варта таксама адзначыць, што ініцыятыва ЕС для ўсходнееўрапейскіх суседзяў усё ж паўстала пад назвай “Усходняе Партнёрства”, а не “Ўсходнееўрапейскае Партнёрства”, як бы таго жадалі краіны рэгіёну. Гэта можна патлумачыць жаданнем Еўракамісіі (і асобных краін ЕС) пазбегнуць канатацыяў з Дамовамі пра Еўрапейскую Асацыяцыю (European Association Agreements), якія былі раней заключаныя з цэнтральнаеўрапейскімі дзяржавамі і ўтрымлівалі ў сабе перспектыву сяброўства ў ЕС.
Такім чынам, трансфармацыя праекта Ўсходняга Партнёрства і адкладанне яго канчатковага зацвярджэння ўказваюць на тое, што Еўрапейскі Саюз пакуль не гатовы прызнаць і легітымізаваць праеўрапейскія памкненні ўрадаў і народаў краін Усходняй Еўропы. Разам з тым, відавочна, што ЕС пад час выпрацоўкі ўласных палітык схільны ўлічваць інтарэсы і пажаданні расійскага боку, якія не заўжды адпавядаюць інтарэсам усходнееўрапейскіх суседзяў Еўрапейскага Саюза. Варта, аднак, прызнаць, што ў ЕС наспела разуменне патрэбы дыферэнцыяваць Еўрапейскую палітыку суседства і ўсталяваць больш цесныя стасункі з краінымі на ўсход ад Саюза.