Белсат: САЛІДАРНАСЦЬ ПАСЛЯ ЗНЯЦЦЯ САНКЦЫЯЎ

Шаснаццаты дзень кожнага месяца неабыякавыя беларусы праяўляюць салідарнасць з сем'ямі зніклых і рэпрэсаваных дзеячаў дэмакратычнай беларускай супольнасці. Сённяшні Дзень салідарнасці асаблівы. Ён прайшоў на фоне частковага прыпынення Еўразвязам выязных санкцыяў супраць некаторых прадстаўнікоў афіцыйнага Менску. Абмежаванні знятыя, хоць улады так і не выканалі аднаго з галоўных патрабаванняў: правесці следства па справе зніклых. Здрада ці ўсё ж такі слушнае рашэнне?

Акцыі салідарнасці ладзяцца надалей. Следства па справе знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, а таксама журналіста Змітра Завадскага так і не скончылася. А Еўразвяз прыпыніў выязныя санкцыі супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ды ягоных чыноўнікаў.

АЛЯКСАНДР АТРОШЧАНКА,”ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ”

“Безумоўна, гэта здрада. Справа знікненняў не даследаваная. Застаюцца палітычныя вязні па “справе чатырнаццаці”. Свабодныя выбары не былі праведзеныя”.

Аднак некаторыя праваабаронцы падкрэсліваюць, што санкцыі засталіся ў сіле ў дачыненні падазраваных у палітычным забойстве.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА:

“Санкцыі супраць Паўлючэнкі, Сівакова, Шэймана, Навумава не знятыя. Яны надалей неўязныя ў Еўропу”.

Паводле праваабаронцаў, справа зніклых цяпер мусіць выйсці на першае месца. Аднак самі дэпутаты Еўрапейскага парламенту заяўляюць:

ЯНУШ АНЫШКЕВІЧ, ДЭПУТАТ ЕЎРАПЕЙСКАГА ПАРЛАМЕНТУ:

“Шчыра кажучы, з нашага гледжання, справа знікненняў – не самая галоўная. Яе трэба будзе вырашыць, але самае галоўнае цяпер – дэмакратызаваць палітычную сістэму Беларусі. Калі так станецца, то справа зніклых вырашыцца аўтаматычна. Чаго мы цяпер чакаем ад Лукашэнкі? Калі ён не хоча, каб вярнуліся санкцыі, то мусіць прыпыніць новы Закон аб СМІ”.

Беларуская дэмакратычная грамадскасць працягвае ладзіць акцыі салідарнасці 16-га дня кожнага месяца і дамагацца ад улады праўды.

АЛЯКСАНДР АТОШЧАНКА, “ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ”:

“Дзень 16-га кожнага месяца – гэта высокамаральная акцыя. Не істотна, колькі чалавек у ёй прымае ўдзел. Істотна тое, што яны, акцыі салідарнасці, не дазваляюць забыць тое, што было”.

Першая акцыя салідарнасці адбылася тры гады таму. Калі адбудзецца апошняя, пакуль невядома.

відэа-версію сужэта можна паглядзець тут http://www.belsat.eu/