У Менску жорстка збітыя кандыдаты ў «дэпутаты» «парламента»
16 верасня, у Дзень салідарнасці, у Менску была разагнаная акцыя, прымеркаваная да ўгодак знікнення лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Супрацоўнікамі АМАПу былі жорстка збітыя кандыдаты ў «дэпутаты» «парламента», у тым ліку лідэр АГП Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, ягоны сын Франак Вячорка і іншыя. Амапаўцы разарвалі еўрапейскія і нацыянальныя сцягі.
На Кастрычніцкую плошчу Менску сёння вышлі больш за 50 актывістаў апазіцыі. З партрэтамі выкрадзеных Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага стаялі лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, ягоныя намеснікі Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, праваабаронца Алег Воўчак, дачка былога палітвязня Вольга Казуліна, моладзевыя лідэры Максім Вінярскі і Франак Вячорка, былы палітвязень Андрэй Кім, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Рынкевич і іншыя. На акцыю выйшла таксама жонка выкрадзенага віцэ-спікера Вярхоўнга Савету 13 склікання Зінаіда Ганчар. Многія з удзельнікаў акцыі з’яўляюцца кандыдатамі ў “дэпутаты” “парламента”.
Акрамя партрэтаў выкрадзеных людзі трымалі ў руках еўрапейскія і бел-чырвона-белыя сцягі. Яны паспелі прастаяць на плошчы ўсяго 5 хвілінаў. Затым супраць удзельнікаў акцыі былі выстаўленыя дзясяткі супрацоўнікаў АМАПу.
Людзей сілком выціснулі з плошчы. Затым амапаўцы гвалтоўна вялі іх пад канвоем у бок вуліцы Багдановіча. На перакрыжаванні вуліцаў Інтэрнацыянальная і Янкі Купалы ўдзельнікі акцыі спыніліся і заявілі, што не маюць намер рухацца далей. Пасля гэтага амапаўцы накінуліся на людзей, адбіралі ў удзельнікаў акцыі партрэты, раздзіралі нацыянальныя і еўрапейскія сцягі.
Амапаўцы вырывалі ў людзей з рук нават маленькія папяровыя сцяжкі Еўразвязу і ўтоптвалі іх у бруд. Людзей білі дубінкамі па нагах і па целе. Намесніку Партыі БНФ Вінцуку Вячорку амапаўцы разбілі акуляры. Быў жорстка збіты яго сын, моладзевы лідэр Франак Вячорка.
«Я трымаў бела-чырвона-белы сцяг. АМАП вырашыў яго вырваць. Людзі ўчапіліся ў яго і не аддавалі. Тады амапаўцы, якіх было значна больш, чым нас, пачалі збіваць людзей нагамі. Мяне збілі з ног, білі берцамі па нагах, у пахвіну, выкінулі з эпіцэнтра. Майму бацьку разбілі акуляры, і наогул яшчэ шмат каму дасталося. Але сцяг удалося абараніць.
У людзей вырывалі сцягі Беларусі і Еўрасаюзу. Калі хтосьці спрабаваў крычаць, іх хапалі і затыкалі рты. Людзі крычалі «Фашысты! Фашысты!» і «Жыве Беларусь!», — распавёў Франак Вячорка ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
У інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Вінцук Вячорка заявіў, што тое, што адбылося – гэта дзікасць і «Еўропа і ЗША павінны зрабіць адпаведныя высновы».
Супрацоўнікі АМАПу давялі людзей да крамы “Панарама” на вуліцы Няміга. Толькі там ўдзельнікаў акцыі вызвалілі.