Хэльсынкская камісія ЗША правядзе слуханьне аб выбарах у Беларусі
Iніцыятарам слуханьняў стаў Кангрэсмэн Элсі Гэйстынгс. Слуханьне адбудзецца 16 верасьня, у цэнтры ўвагі будзе сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі. Апрача гэтага ўдзельнікі слуханьня ацэняць наколькі дзеяньні беларускіх уладаў адпавядаюць патрабаваньням да выбараў з боку АБСЭ.
У адпаведнай заяве Камісіі ў пытаньнях бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (Хэльсынкскай камісіі ЗША) паведамляецца:
“У мінулым месяцы беларускія ўлады вызвалілі з турмы Аляксандра Казуліна і яшчэ двух палітзьняволеных, выканаўшы гэтым галоўнае патрабаваньне Злучаных Штатаў і Эўразьвязу. Гэта, а таксама стрыманае стаўленьне Лукашэнкі да расейскай агрэсіі ў Грузіі, адкрывае пробліск магчымасьці ў паляпшэньні дачыненьняў Беларусі са Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам. Тым ня менш дагэтуль не заўважаецца істотнага прагрэсу ў сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй напярэдадні выбараў”.