Ужо арыштаваныя 11 апазіцыянераў
Пасьля выбуху самаробнай бомбы на канцэрце 4 ліпеня затрыманы Сяржук Чыслаў, Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі, Тацяна Пікун, Сяржук Высоцкі, Антон Койпіш, Павал Кур’яновіч, Аляксандар Сергіенка, Міхаіл Пашкевіч і Ільля Богдан.
Сёньня заканчваецца вызначаны законам тэрмін 72-гадзіннага затрыманьня Сяржука Чыслава, Віктара Ляшчынскага і Ігара Корсака, паведамляе “Радыё Свабода”.
Сьледзтва працягнула тэрмін утрыманьня Міраслава Лазоўскага да 10 сутак. Сваякі затрыманых не выключаюць, што Ігар, Віктар і Сяржук таксама раней ня выйдуць на волю.
Ігар Корсак заявіў, што ад сёньняшняга дня, калі яго не адпусьцяць, распачне галадоўку пратэсту супраць незаконнага ўтрыманьня.
Моладзевых актывістаў Антона Койпіша, Паўла Кур’яновіча, Аляксандра Сергіенку і Ільлю Богдана таксама дапыталі ў крымінальнай справе, распачатай па артыкулу “злоснае хуліганства” пасьля выбуху самаробнай бомбы на канцэрце 4 ліпеня. Хлопцаў таксама на 72 гадзіны зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Прыблізна гадзіну таму у раёне вул.Няміга быў арыштаваны актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Пашкевіч.