Улады абяцалі вызваліць палітвязняў да канца лютага
Беларускія ўлады абяцалі вызваліць усіх палітвязняў да канца лютага гэтага года. Пра гэта заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97, адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. «Пра такую дамоўленасць стала вядома ад прадстаўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў Брусэльскім форуме. Цяпер зразумелай становіцца рэзкая рэакцыя Злучаных Штатаў і ўвядзенне санкцый супраць «Белнафтахіма», – заявіў Саннікаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
Трэці Брусэльскі форум прайшоў 14–16 сакавіка ў сталіцы Бельгіі. Форум быў арганізаваны тры гады таму Нямецкім фондам Маршала ЗША. Ён адразу заявіў пра сябе як пра найбуйнейшую падзею міжнароднага жыцця. На форум збіраюцца вядучыя палітычныя і грамадскія дзеячы, дыпламаты, аналітыкі, журналісты. Сярод удзельнікаў – генеральны сакратар НАТА Яап дэ Хооп Схеффер, прэзідэнт Сусветнага банка Роберт Зеллік, генеральны сакратар Рады ЕЗ Хаўер Салана, прэм’ер міністры Бельгіі Гі Верхофстадт і Даніі Андэрс Фог Расмуссен, міністры замежных спраў Бельгіі Карэл дэ Гухт, Польшчы Радаслаў Сікорскі, Швецыі Карл Білд, Латвіі Марыс Рыексцінс, намеснік міністра фінансаў ЗША Роберт Кімміт, міністр нацыянальнай бяспекі ЗША Майкл Чэртаф, міністр абароны Канады Пітэр Маккей, старшыня расейскага думскага камітэта Канстанцін Касачоў і вядомы расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў, віцэ-прэм’ер Украіны Рыгор Няміра і «ценявы» міністр замежных спраў Кастусь Грышчанка, віцэ-прэм’ер Чэхіі Аляксандр Вондра, буйныя бізнэсоўцы, вядучыя журналісты і грамадскія дзеячы. Ад Беларусі ў форуме ўдзельнічалі кіраўнік Фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская і міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў.
– Чым прыцягваюць сусветную эліту такія форумы?
— Такія форумы цікавыя тым, што на іх абмяркоўваюцца самыя набалелыя праблемы міжнароднага жыцця. Акрамя таго, сёлета форум адбываўся напярэдадні саміту НАТА, на якім павінны быць прынятыя важныя рашэнні па далейшым пашырэнні Альянсу і яго супрацоўніцтве з іншымі дзяржавамі. Сусветная эканамічная сітуацыя таксама была ў цэнтры ўвагі, выбары ў Злучаных Штатах, якія адбуцца ў гэтым годзе, рэфармаванне Еўразвяза, сітуацыя ў асобных рэгіёнах свету: Блізкі Усход, Кітай, Расея і інш.
Нас, безумоўна, цікавілі пытанні, звязаныя з Беларуссю, тым больш што напярэдадні Форума абвастрыліся стасункі афіцыйнага Менска з Вашынгтонам. У Форуме ўдзельнічаў намеснік дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэймер, амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт, высокапастаўленыя службоўцы Еўразвязу. У нас адбыліся даволі дэталёвыя кансультацыі з прадстаўнікамі ЗША і Еўразвязу. Як ужо згадвалася, у пытанні пра палітвязняў іх пазіцыі цалкам супадаюць. Іншымі словамі, ні Еўропа, ні ЗША не бачаць магчымасці прасоўвацца па шляху збліжэння з Беларуссю без вызвалення ўсіх палітвязняў, першым чынам, Аляксандра Казуліна.
– Чым вам запомніўся гэты Форум?
— Адкрытым дыялогам з Хаўерам Саланам, выступам прэм’ера Бельгіі Гі Верхофстадта, дыскусіяй аб пашырэнні ЕЗ і НАТА, якую бліскуча правёў дырэктар Брусэльскага офіса Фонду Маршала Рон Асмус, цікавым абмеркаваннем стасункаў Расеі і Захаду. Дарэчы, склалася ўражанне, што Расея ўсё больш трапляе ў ізаляцыю па шматлікіх міжнародных праблемах, і Захад расейская пазіцыя ўсё менш хвалюе. А вось Расею гэта пачынае турбаваць. З зайздрасцю мы сачылі за дыскусіяй па Украіне, у якой з розных пазіцый, але з пункту гледжання ўмацавання ўкраінскай дзяржаўнасці бралі ўдзел і сябра ўраду, і прадстаўнік апазіцыі. Дарэчы, яны абодва адзначылі, што ў пытанні інтэграцыі Украіны ў ЕЗ ва ўлады і апазіцыі ёсць кансенсус, разыходжанні пакуль захоўваюцца па НАТА. Агулам, Форум быў вельмі насычаным, а яшчэ трэба было паспець паразмаўляць у кулуарах.
– Ці гучала на Форуме тэма Беларусі?
– Беларусь згадвалася, але асобнай тэмай не прысутнічала. Сітуацыя ў нашай краіне даволі зразумелая, аніякіх значных змен у палітыцы ўладаў не адбываецца. Таму на такіх буйных канферэнцыях абмяркоўваюцца праблемы больш сур’ёзныя, чым палітыка самаізаляцыі беларускай улады. Гэта з Менска могуць пагражаць кулаком усяму свету, ваяваць з Злучанымі Штатамі, а ў Брусэлі трошкі іншае бачанне міжнародных стасункаў. Тым не менш, вельмі карысна было абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі з прадстаўнікамі міжнародных структур, асобных дзяржаў, аналітыкамі і журналістамі, якія гэтай сітуацыяй цікавяцца. У нас няма аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ва ўрадзе. Мы даведваемся пра нейкія рашэнні толькі постфактум. І логіка гэтых рашэнняў не заўсёды зразумелая. У службоўцаў іншых дзяржаў ёсць магчымасць, нягледзячы на адсутнасць кантактаў на высокім узроўні, сустракацца з беларускімі афіцыйнымі асобамі сярэдняга звяна і атрымліваць хоць нейкія тлумачэнні адносна таго, што адбываецца ў Беларусі.
Дык вось, большасць нашых суразмоўцаў знаходзіцца ў разгубленасці. Здавалася б, акром прымірэнчых заяваў на адрас Еўропы ўпершыню былі зробленыя пэўныя крокі: быў вызвалены шэраг палітвязняў. Аднак у лютым усё гэта рэзка затармазілася, і пачалася вайна з Злучанымі Штатамі. Суразмоўцы адзначалі: і ў Еўропы, і ў ЗША сапраўды былі сур’ёзныя намеры развязаць пытанне самаізаляцыі Беларусі, якая зацягнулася. Аднак беларускія ўлады чарговым разам прадэманстравалі сваю непрадказальнасць. Прадстаўнікі ЗША і Еўропы згадвалі, што яны гатовыя былі разглядаць пытанне пра скарачэнне спісу неўяздных беларускіх службоўцаў, пачынаючы з Аляксандра Лукашэнкі, і, па меры пасоўвання Беларусі па ўзгодненых кірунках, прымаць рашэнні. Менавіта па ўзгодненых кірунках, бо, як высветлілася, беларускі бок браў на сябе пэўныя абавязальніцтвы, у прыватнасці, у дачыненні палітвязняў.
– Беларускія ўлады абяцалі вызваліць усіх палітвязняў?
– Так, і гэта мусіла адбыцца да канца лютага гэтага года. Пра такую дамоўленнасць стала вядома ад прадстаўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў Брусэльскім форуме. Цяпер зразумелай становіцца рэзкая рэакцыя Злучаных Штатаў і ўвядзенне санкцый супраць «Белнафтахіму». Проста афіцыйны Менск не выканаў уласных абяцанняў, і спрабуе цяпер чарговым разам згуляць у гульню на нібыта наяўных паміж ЗША і ЕЗ супярэчнасцях. Так, у ЗША і ЕЗ маюцца розныя падыходы да развязання міжнародных праблем, аднак у дачыненні Беларусі іх пазіцыі практычна аднолькавыя.
А здзіўленне ў нашых суразмоўцаў выклікала тая акалічнасць, што Беларусь не выкарыстоўвае ўнікальны шанец для нармалізацыі міжнародных стасункаў, выхаду на цалкам іншы ўзровень палітычных і эканамічных стасункаў з Захадам.
– У чым унікальнасць нашай сітуацыі?
– У тым, што абставіны карэнным чынам змяніліся. З аднаго боку Беларусь непасрэдна стала межаваць з Аб’яднанай Еўропай, а з другога – мінуў ільготны эканамічны перыяд для Беларусі, які стварала Расея. Акром таго, унутры краіны апазіцыя ўпершыню прапанавала ўладзе дыялог. Гэта і ліст Мілінкевіча, адрасаваны Лукашэнку, і прапанова арганізатараў Еўрапейскага Маршу, і заява Казуліна, калі яго часова адпусцілі на пахаванне жонкі. Усё гэта дазваляла разлічваць на тое, што ў інтарэсах умацавання дзяржаўнасці і стварэння стабільнай эканамічнай базы для гэтай дзяржаўнасці беларускія ўлады распачнуць рэальныя крокі па збліжэнні з Еўропай. Зразумела, што гэтыя крокі могуць быць зробленыя толькі пасля пачатку перамен у самой Беларусі. Прычым ніхто не разлічваў на хуткія і радыкальныя перамены ў палітычнай сітуацыі. Дастаткова было выконваць свае ж абяцанні і паступова прасоўвацца ў бок дэмакратызацыі. Аднак тое, што адбываецца сёння, выдае разгубленасць уладаў і прыводзіць да нейкіх абсурдных рашэнняў, якія шкодзяць як дзяржаве, так і самім уладам. Напрыклад, як адзначаюць некаторыя аналітыкі, у Менску сёння сур’ёзна разглядаюцца варыянты «апоры на ўласныя сілы», гэтакі албанскі або паўночна-карэйскі шлях развіцця.
– Ці гатовы Еўразвяз далучыцца да санкцый ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі?
– Я ведаю, што ў Еўразвязе гэтае пытанне разглядаецца. У кожным разе можна сказаць, што адсутнасць амбасадара ЗША ў Менску і недарэчнае патрабаванне скараціць штат амбасады не дапамогуць развіваць стасункі з Еўропай. Не атрымаецца Менску ўбіць клін паміж Еўропай і ЗША. Акром таго, грамадская думка ў Еўропе на боку дэмакратычных сілаў Беларусі, а ўрадам еўрапейскіх дзяржаў складана будзе дзейнічаць насуперак грамадскай думцы сваіх краін. Усе шанцы нармалізаваць сітуацыю ў беларускіх уладаў захоўваюцца, але час сёння вельмі спрэсаваны, і кожны дзень прамаруджвання адмоўна адбіваецца на становішчы Беларусі ў свеце і нашай эканоміцы. Ужо 25 сакавіка магло б стаць крокам у правільным кірунку. Дарэчы, у Брусэлі спадзяюцца, што святкаванне 90-годдзя БНР пройдзе ў Беларусі без эксцэсаў.