«Еўрапейская Беларусь» будзе збіраць подпісы за ўступленне краіны ў Еўразвяз (Відэа)
24 студзеня ў Менску было абвешчанае пра пачатак агульнанацыянальнай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Галоўнай мэтай кампаніі яе ініцыятары лічаць забеспячэнне незалежнасці і паспяховага развіцця краіны, што магчыма толькі шляхам інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз. Як падкрэсліў на прэс-канферэнцыі ў Менску міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, «інтэграцыя ў Еўразвяз – гэта не толькі адзіны эфектыўны шлях для сённяшняй Беларусі, але і жыццёвая неабходнасць».
“За час кіравання Лукашэнкі ў Еўразвяз былі прынятыя 15 дзяржаў, у тым ліку такія раней нейтральныя і даволі багатыя краіны як Аўстрыя. Гэта сведчыць пра тое, што мадэль ЕЗ вельмі прывабная. Там на справе, а не на словах сумеснымі высілкамі вырашаюцца як палітычныя, так і сацыяльна-эканамічныя праблемы. У той час, як у Беларусі ўлады, практычна знішчыўшы эканоміку краіны, узяліся выціскаць апошняе з простых людзей, пазбаўляючы іх ільгот”, – падкрэсліў Саннікаў.
Ён таксама заявіў, што беларускі рэжым па-ранейшаму ігнаруе 12 прапаноў ЕЗ, пасля выканання якіх Еўразвяз гатовы пайсці на супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам. “Вызваленне Змітра Дашкевіча не з’яўляецца дэманстрацыяй з боку ўлад пачатку выканання гэтых умоў. Галоўнае патрабаванне Еўразвяза – вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў і спыненне пераследу апазіцыі. А сёння ў турме на Акрэсціна знаходзяцца больш за 50 вязняў”, – адзначыў Саннікаў.
Адзін з ініцыятараў кампаніі “Еўрапейская Беларусь” былы палітвязень, лідэр “Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч распавёў пра асноўныя мэты кампаніі, адной з якіх з’яўляецца папулярызацыя ідэі еўраінтэграцыі ў беларускім грамадстве.
“Мы маем намер прыцягнуць вялікую колькасць валанцёраў для збору подпісаў грамадзян краіны пад заявай у Еўразвяз аб далучэнні Беларусі да ЕЗ. Сёння ў Беларусі ёсць два шляхі – Расея і ЕЗ. Але, у адрозненне ад Расеі, Еўразвяз у абмен на падтрымку, у тым ліку фінансава-эканамічную, не высоўвае Беларусі такія абсурдныя патрабаванні як страта незалежнасці і знішчэнне беларускай мовы”, – заявіў палітык.
Пры гэтым Статкевіч нагадаў, што ў свой час Еўразвяз прыняў зварот не толькі да беларускіх улад, але і да беларускага народа. Збор подпісаў пад заявай у ЕЗ ад грамадзян Беларусі ў рамках кампаніі “Еўрапейская Беларусь” закліканы стаць адказам шэраговых беларусаў Еўразвязу, што яны сапраўды падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці і хочуць жыць у Еўропе не толькі геаграфічна.
Удзельнік прэс-канферэнцыі, адзін з лідэраў партыі БНФ Віктар Івашкевіч асоба падкрэсліў, што ініцыятыва кампаніі “Еўрапейская Беларусь” належыць шырокай кааліцыі дэмакратычных сілаў краіны. Гэта і Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, у тым ліку партыя БНФ, і іншыя партыі і грамадскія арганізацыі.
“Нашай першай і галоўнай акцыяй у самыя блізкія паўгода павінна стаць годнае святкаванне 25 сакавіка 90-годдзя стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Святкаванне гадавіны БНР павінна стаць самай масавай акцыяй, якая пройдзе выключна пад бел-чырвона-белым нацыянальным і еўрапейскім сцягамі”, – сказаў Івашкевіч, падкрэсліўшы пры гэтым, што адзінай альтэрнатывай ізаляцыі, у якую заганяе краіну цяперашні рэжым з’яўляецца еўраінтэграцыя.
Былы міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, былы палітвязень Міхаіл Марыніч , які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, падкрэсліў, што “грамадзянская супольнасць і ўлада ў Беларусі гавораць на розных мовах”.
“Рэжым Лукашэнкі даўно ператварыў нашу краіну ў турму. Грамадства паралізаванае страхам. Сёння мы павінны дапамагчы нашым грамадзянам перамагчы гэты страх. Мы павінны дастукацца да кожнага беларуса, растлумачыць, што ў Беларусі сацыяльныя гарантыі толькі дэкларуюцца кіроўным рэжымам, у той час як у беларуса сёння адбіраюць апошняе. У Еўропе грамадзяне ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, бо захаванне іх правоў гарантаванае не толькі асобнай дзяржавай, але і ЕЗ. Каб Беларусь змагла інтэгравацца ў Еўропу як мага хутчэй – гэта і ёсць асноўная задача кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, – адзначае Міхаіл Марыніч.