Акцыя памяці Алеся Пушкіна прайшла ў Беластоку

На акцыю сабралася каля паўсотні чалавек.

Беларуская дыяспара Беластока аператыўна, па атрыманні інфармацыі пра смерць у палітычным зняволенні вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна, зладзіла акцыю пад сценамі Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку.

57-гадовы мастак, адбываючы 5-гадовае зняволенне, раптоўна памёр у рэанімацыі ў ноч з 10 па 11-е ліпеня. Гэта не першая смерць палітзняволенага ў Беларусі. На акцыю сабралася каля паўсотні чалавек.

Адбылася хвіліна маўчання ў памяць пра вядомага мастака, беларуса, культурнага дзеяча, які ў свой час сваім перфомансам ля Адміністрацыі прэзідэнта нагадаў Лукашэнку пра тое, што ахвярай ягонай дыктатуры стаў у першую чаргу беларускі народ.

Прамаўляў і кіраўнік Беларускага «Радыё Рацыя» Яўген Вапа, які асабіста ведаў Алеся Пушкіна з 1989 года.


Падчас акцыі працаваў вольны мікрафон, удзельнікі мітынгу дзяліліся ўспамінамі пра беларускага дзеяча Алеся Пушкіна. Агульны настрой мітынгу – адчуванне цяжкога ўдару і глыбокага смутку, што чарговы сын Беларусі загінуў у турме Лукашэнкі.

Удзельнікі акцыі не бачаць міжнароднай сілы, якая б магла зараз прыцягнуць рэжым да адказнасці за гэтыя ды іншыя смерці. Як і сілы ўнутры Беларусі, каб беларусы выйшлі з дамоў на пратэсты. Сярод прапаноў гучаў заклік прызнання Беларусі акупаванай дзяржавай, а палітзняволеных – палоннымі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *