Ваяр з Барані
Нашчадка харобрай вялікалітоўскай шляхты вам не зламаць.
З Шэрым Катом (Зьмітром Казловым) мы пазнаёміліся ў Курапатах. Мінулай зімой ён як блогер прыехаў здымаць варту, крыжы – і стаў адным з нас, абаронцаў.
Зьміцер – мой зямляк. Ня толькі аршанскі – ён з Барані. А гэта шмат значыць.
У Барані, што пад Воршай, мы, Севярынцы, калісьці, у 1980-ых, пражылі некалькі гадоў: тата працаваў рэдактарам завадской шматтыражкі на бараньскім заводзе, матуля – настаўніцай у школе.
Што такое Барань? Барань (ад беларускага слова “бараніць”) на працягу некалькіх стагоддзяў была базай спецназу ВКЛ на кірунку галоўнай пагрозы – маскоўскім. Тут жа побач – Баяры. Тут жа – Хорабрава. Тут стаялі элітныя часткі арміі ВКЛ, а зброю для іх кавалі ды правілі ў Барані (завод, колішні “Чырвоны кастрычнік”, злучво савецкай абаронкі, а цяперашні “Лёс”, і пачынаўся як збройня Канстанціна Астрожскага яшчэ ў пачатку 16-ага стагоддзя).
Дык вось, Зьміцер бараньскі хлопец.
Ягоны выступ на Плошчы Каліноўскага 21 сьнежня сапраўды быў ашаламляльны. Ён проста, ясна і даходліва патлумачыў, што трэба зрабіць кожнаму беларусу, каб абараніць незалежнасьць і здабыць свабоду.
Вось за гэты выступ – а таксама за тое, што Зьміцер будзіць “малую радзіму Рыгоравіча” – Шэрага Ката і ламаюць канвеерам сутак.
Увогуле, Аршаншчына яшчэ і радзіма Караткевіча, калі што. Так што дулю вам, таварышы камуністы. Нашчадка харобрай вялікалітоўскай шляхты вы не зламаеце.
А для нас, беларусаў, абавязак – падтрымаць нашага ваяра, які стаіць зараз у праломе за краіну.
Пішыце лісты. Дапамагайце перадачамі. Маліцеся. Патрабуйце свабоды.
Ворша, вуліца Энгельса 25, 211030.
Свабоду Зьмітру Казлову!
Жыве Беларусь!
Павал Севярынец, «Фэйсбук»