Алена Церашкова: Можна сабрацца разам – і выцягнуць краіну
Праграма кандыдата ад «Еўрапейскай Беларусі».
Дзяржаўная газэта «Звязда» апублікавала праграму кандыдата ў дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алены Церашковай, перадае сайт narodny.org.
1. Вярнуць уладу народу.
Паводле Канстытуцыі РБ адзінай крыніцай улады з’яўляецца народ. Гэта значыць, што менавіта народ – праз абраных прадстаўнікоў, а таксама непасрэдна, праз рэферэндум і ворганы мясцовага самакіравання – вызначае знешнюю, унутраную, эканамічную палітыку дзяржавы, рэгіёна, горада, раёна. Чыноўнікі – толькі частка механізма, іх вылучаюць, абіраюць і адклікаюць людзі, чыноўнікі трымаюць адказ перад законам і перад выбарцамі. Неабходна наладзіць рэальную працу дэмакратычных механізмаў, скасаваць штучныя перашкоды, уведзеныя ў выбарчы кодэкс насуперак Канстытуцыі, логіцы і здароваму сэнсу.
2. Спыніць будаўніцтва АЭС.
33 гады таму выбухнула ЧАЭС. Тагачасныя ўлады хавалі праўду пра катастрофу і яе наступствы. Сёняшнія робяць тое самае. Адсутнічае грамадскі кантроль, няма дыялогу ўлады з грамадствам. Да апошняга будуць хаваць і чарговую катастрофу, ратуючы найперш сябе, а не нас з вамі. Неабходна галосная, незалежная, кампетэнтная экспертыза, пабачым яе вынікі – прымем рашэнне разам.
3. Дастойны ўзровень жыцця.
Беларусы вартыя заможнага жыцця. Шлях да гэтага – не сацыяльныя падачкі, а эканамічны рост. Зняць краіну з ручнога кіравання, бо законы рынка, як і законы прыроды, немагчыма адмяніць дэкрэтам. Перадаць прафесійныя рашэнні ад вертыкальшчыкаў кампетэнтным прафесіяналам, ад чыноўникаў – людзям. Працоўныя дамовы і кантракты – сродак абароны працоўных, а не інструмент ціску. Прафесійныя саюзы – не канторы па закупцы цукерак і вазачак, а эфектыўны інструмент праваабароны.
4. Адраджэнне нацыянальнай культуры і адукацыі.
Вяртанне беларускамоўнай адукацыі. Арганізацыя беларускіх паралеляў у школах, груп у садках на ўзроўні дзяржаўнай прапановы. Гэта выключыць сітуацыі, калі бацькі хочуць навучаць дзіця па-беларуску побач з домам, але не могуць рэалізаваць сваё права праз адміністратыўныя перашкоды, а таксама сітуацыі, калі ствараецца клас пад адно дзіця, што сапраўды кладзецца на школу дадатковай нагрузкай, і ва ўмовах размеркавання фінансаў адпаведна колькасці вучняў ставіць школу ў заведама пройгрышнае становішча. Сітуацыя выраўняецца, калі выбар, вучыць дзіця па-руску ці па-беларуску, бацькі змогуць рабіць у межах адной навучальнай установы шляхам простага пазначэння ў заяве, і іх выбар перастане быць пазнакай лаяльнасці дзяржаве.
Падтрымка нацыянальнай адукацыі пакажа, што дзяржава зацікаўленая ў развіцці нацыянальнай культуры. Праз падвышэнне моўнай кампетэнцыі ўзрасце запатрабаванасць нацыянальнага культурнага прадукта, ягоная якасць і канкурэнтаздольнасць.
5. Даступнасць медыцыны.
Даступнасць не азначае бясплатнасць, і наадварот. Многія гатовыя плаціць за якасную медыцыну непасрэдна, але не трэба забывацца, што кожны з нас плоціць падаткі. Таму спынім гаворку пра бясплатную медыцыну: яе не існуе. Кадравая палітыка ў ахове здароўя – клопат дзяржавы. Фіктыўныя курсы перападрыхтоўкі і падвышэння кваліфікацыі, перашкоды тым, хто прапануе новыя метады, развал навуковых школ, нізкія стандарты адукацыі, звязаныя з тым, што “платных” студэнтаў не выгадна адлічыць, нават калі яны не імкнуцца авалодаць прафесіяй на належным узроўні. Медыцына губляе рэшткі патэнцыялу, і даступнасць медычнай дапамогі – гэта фармальнасць, не падмацаваная эфектыўнасцю. Без змены дзяржаўнай палітыкі ўсё будзе пагаршацца.
Вы думаеце: хто дазволіць такія перамены! Чытайце пункт першы. Мы – народ, вырашаць нам. Калі машына загрузла ў яме, можна бясконца сядзець у ёй і выць. А можна сабрацца разам – і выцягнуць. Так пераможам!
Алена Церашкова – маці чацвярых дзяцей, лекарка-хірург, сябра Партыі БНФ. Працуе у 11-ай лякарні г.Мінска. Піша кнігі і вершы для дзяцей. Шосты год выкладае беларускую мову на курсах «Мова Нанова Дзеткам».