Выйсце з тупіка — сапраўды свабодныя выбары
Заява грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»
На працягу апошніх месяцаў узмацніўся ціск на актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Узбуджаюцца новыя адміністрацыйныя і крымінальныя справы, канфіскоўваецца маёмасць, абмяжоўваецца магчымасць выезду з краіны. Актывісты атрымліваюць асабістыя пагрозы па тэлефоне і электроннай пошце.
5 снежня 2018 года быў затрыманы Яўген Афнагель. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку і міліцыянты пагражалі яму ўзбуджэннем крымінальнай справы. Актывіста некалькі разоў дапытвалі, у яго канфіскаваны аўтамабіль.
25 студзеня 2019 года ў Следчы камітэт быў выкліканы Максім Вінярскі. Яго дапытвалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе аб хуліганстве, якое быццам бы адбылося яшчэ ў верасні мінулага года. Актывісту пагражалі ўзбуджэннем яшчэ адной справы проста ў кабінеце следчага.
Рэпрэсіі ўзмацніліся ў дачыненні да прадстаўнікоў іншых арганізацый і рухаў, якія выступаюць супраць рэжыма. Толькі на працягу апошняга тыдня ў Мінску адбыліся некалькі вобшукаў і арыштаў.
Дзеянні спецслужб, міліцыі і следчых скаардынаваныя паміж сабой і пачаліся пасля заяваў дыктатара пра «палітычную вакханалію», якія фактычна паклалі пачатак выбарчай кампаніі. Іх прычына – страх перад сацыяльнымі хваляваннямі і пратэстамі. Лукашэнка не давярае ўласнаму народу і баіцца выбараў.
Як паказвае досьвед Беларусі і іншых краін, узмацненне ціску на грамадства — не самае лепшае выйсце з тупіка, ў які заганяюць свае народы дыктатарскія рэжымы. Адзіны шлях пазбегнуць сацыяльнага выбуху — правядзенне сапраўды свабодных выбараў пад міжнародным кантролем з удзелам рэальных лідэраў апазіцыі і без перашкодаў для грамадскіх актывістаў.