Арганізатары Народных сходаў пачалі кампанію за байкот выбараў
Каардынацыйны савет па правядзенні Народных сходаў пачынае кампанію актыўнага байкоту «імітацыі выбараў у марыянетачную «Палату прадстаўнікоў»,- заявіў палітык Віктар Івашкевіч. Паводле яго слоў, 14 студзеня ў Мінску прайшло чарговае пасяджэнне Каардынацыйнага савета Народных сходаў.
Паўнамоцныя прадстаўнікі Народных сходаў з 14 гарадоў Беларусі абмеркавалі сітуацыю ў краіне, выпрацавалі ацэнку сітуацыі і план дзейнасці на 2012 год. Яны канстатавалі, што эканамічнае і палітычнае становішча пагаршаецца ў кожнай сацыяльнай групе, у кожным рэгіёне. Улады не выканалі ніводнага эканамічнага патрабавання Народных сходаў, распісаліся ў няздольнасці абараніць беларускае грамадства ад беднасці. Стратэгічныя вытворчыя актывы Беларусі ў выніку сумніўных працэдур пераходзяць у рукі іншаземцаў, што ўжо паставіла пад пагрозу незалежнасць нашай краіны», — сказаў Івашкевіч.
Улады не маюць намеру спыняць практыку татальнай фальсіфікацыі вынікаў выбараў, «а значыць, рыхтуецца чарговы фарс, саўдзел у якім для адказных грамадзян немагчымы», заявіў ён.
«Зыходзячы са сказанага, савет пачынае кампанію актыўнага байкоту імітацыі выбараў у марыянетачную «Палату прадстаўнікоў» пад лозунгам «Байкот фальшывым выбарам. Скажы Лукашэнку не!».
Івашкевіч адзначыў, што актыўная форма байкоту павінна ўключаць у сябе інфармацыйную кампанію для папулярызацыі рэальнай праграмы выхаду з сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу; патрабавання вызвалення ўсіх палітзняволеных, абрання новага прэзідэнта, новага парламента і кіраўнікоў усіх ўзроўняў на свабодных выбарах; адмены прымусовых кароткатэрміновых кантрактаў. Івашкевіч лічыць, што байкот парламенцкіх выбараў — фактычна рэферэндум аб недаверы Лукашэнку.
Акрамя таго, ініцыятары Народных сходаў патрабуюць спынення росту цэн, індэксацыі рублёвых укладаў насельніцтва, індэксацыі зарплат, пенсій, стыпендый, адраснай грашовай дапамогі ў адпаведнасці з ростам цэн.
Ініцыятары Народных сходаў маюць намер таксама ўзяць актыўны ўдзел у агульнанацыянальнай кампаніі шырокамаштабнага назірання «За справядлівыя выбары» для выяўлення фальсіфікацый.
«Савет пачынае падрыхтоўку да правядзення напярэдадні дня галасавання або непасрэдна пасля яго масавых Народных сходаў як формы непасрэднай дэмакратыі з патрабаваннем выканання эканамічных патрабаванняў народа, вызвалення палітычных зняволеных, свабодных выбараў новага прэзідэнта і новага парламента», — заявіў Івашкевіч.