У чатырох судах Мінска пройдуць працэсы над затрыманымі 19 снежня.
Мінск, 20 снежня. Сёння ў чатырох судах Мінска пройдуць працэсы над грамадзянамі, затрыманымі вечарам 19 снежня ў цэнтры горада.
Паводле звестак праваабаронцаў, працэсы будуць праходзіць у судах Маскоўскага, Цэнтральнага, Фрунзенскага і Ленінскага раёнаў. “Што ім інкрымінуюць, пакуль невядома. Хутчэй за ўсё, у дачыненні да іх складзены пратаколы на падставе артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве)”, — паведаміла БелаПАН праваабаронца Анастасія Лойка.
Нагадаем, учора вечарам людзі выйшлі на праспект Незалежнасці, каб запаліць свечкі салідарнасці з палітзняволенымі і ўспомніць пра падзеі гадавой даўніны, калі ўлады жорстка разагналі мітынг прыхільнікаў апазіцыі, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў прэзідэнта.
Асноўныя затрыманні ўдзельнікаў учарашняй акцыі адбываліся на трох плошчах — Незалежнасці, Кастрычніцкай і Якуба Коласа. На плошчы Незалежнасці людзей затрымлівалі непасрэдна каля Чырвонага касцёла, дзе ў гэты час ішло набажэнства. Дзеянні міліцыі каардынаваў кіраўнік сталічнай міліцыі Аляксандр Барсукоў.
Прэвентыўныя затрыманні пачаліся яшчэ раніцай 19 снежня. У розных гарадах Беларусі актывістаў апазіцыі затрымлівалі, блакавалі ва ўласных кватэрах, не даючы выйсці на вуліцу, выклікалі позвамі ў суд.
Паводле звестак ГУУС Мінгарвыканкама, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 19 снежня на плошчу Незалежнасці да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты больш як 30 чалавек. Колькі затрымалі ў іншых раёнах горада, не паведамляецца. Паводле версіі ГУУС, 19 снежня на плошчы Незалежнасці “лідарамі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” была зроблена спроба арганізаваць правядзенне несанкцыянаванай акцыі”.
“У 19.00 каля Чырвонага касцёла сабраліся прыкладна 50 чалавек, якія запалілі свечкі. Асобныя прысутныя трымалі партрэты асуджаных па крымінальнай справе аб падзеях 19 снежня 2010 года. На месцы збору грамадзян супрацоўнікамі міліцыі вялася актыўная растлумачальная праца аб недапушчальнасці збору і правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Аднак парушальнікі на законныя патрабаванні не рэагавалі. У мэтах спынення парушэнняў грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў і ўстанаўлення асобы 46 найбольш актыўных удзельнікаў акцыі былі дастаўлены ў тэрытарыяльныя РУУС Мінска для разбору. Пасля ўстанаўлення асобы 14 удзельнікаў акцыі былі адпушчаны, а ў дачыненні да 32 складзены адміністрацыйныя пратаколы на падставе артыкулаў 9.4 (невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей), 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання) і 17.1 (дробнае хуліганства) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях”, — паведамляе сайт ГУУС.
Паводле звестак міліцыі, з 46 асоб 32 — мужчыны, 14 — жанчыны. Асноўная ўзроставая катэгорыя — ад 18 да 30 гадоў (30 чалавек). З ліку правапарушальнікаў не працуюць і не вучацца 29 чалавек.