Дэйвід Джонсан наведаў Беларускі Дом у Варшаве (ФОТА)
Кіраўнік дэлегацыі ЗША на нарадзе АБСЭ па чалавечым вымярэнні, якая адбываецца гэтымі днямі ў Варшаве, амбасадар Дэйвід Джонсан наведаў з афіцыйным візітам Беларускі Дом у Варшаве.
Дэйвід Джонсан ўжо шмат гадоў зацікаўлены сітуацыяй ў Беларусі, ён падтрымлівае ініцыятыву аб’яднання беларускай дыяспары, пра якую адкрыта абвесціў на мінулым тыдні Беларускі Дом. Сённяшняя сустрэча была прысвечана дзейнасьці Беларускага Дома, а таксама абмеркаванню магчымага супрацоўніцтва.
Амбасадара прынялі прадстаўнікі трох арганізацый якія заснавалі Беларускі дом: Зміцер Бародка (каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”), Алесь Зарэмбюк (Беларускі Дом Інфармацыйны), а таксама Ігар Знык (Пасольства культуры).
Беларускі Дом у Варшаве з’яўляецца унікальнай беларускай інстытуцыяй, ён аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных беларускіх арганізацый і супольнасцяў рознага паходжання, якія аб’ядналіся з адзінай мэтай – працаваць на карысць Беларусі.
“Усё залежыць ад Вашай цяжкай працы, але ж я веру ў Ваш поспех” – сказаў спадар Джонсан пад час сустрэчы.
– Пра Беларусь вельмі шмат гаворыцца на розных канферэнцыях, але ж я перакананы, што сапраўдная праца адбываецца тут, у Беларускім Доме.
Бародка і Зарэмбюк звярнулі ўвагу на пільную патрэбу падтрымкі заходнімі краінамі палітычных вязняў Лукашэнкі. Самі, неаднаразова пераследаваныя і вымушаныя часова пакінуць Радзіму, Зміцер і Алесь выдатна разумеюць цяперашняе становішча зняволеных.
– Там, у турмах, катуюць нашых сяброў – сказалі яны. – Не дапускайце гэтага.
Пасол паабяцаў вырашыць гэтае пытанне. Ён паабяцаў таксама аказаць падтрымку і дапамогу Беларускаму дому, дому які з’яўляецца неафіцыйнай грамадскай амбасадай Беларусі ў Польшчы.