Ірына Халіп напісала адкрыты ліст жонкам Мядзведзева, Пуціна, Абамы, Сарказі
Ліст Мядзведзеву і Пуціну публікуе расійская "Новая газета". Ірына Халіп просіць за заступіцца за яе мужа Андрэя Саннікава.
Жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, што быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за «арганізацыю г.зв. масавых бесспарадкаў» 19 снежня 2010 г., Ірына Халіп напісала ліст жонкам прэзідэнтаў Францыі, ЗША, Польшчы і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі. Лісты першым лэдзі Халіп мае намер перадаць у пасольствы тых краін. А ліст, адрасаваны Святлане Мядзведзевай і Людміле Пуцінай, рэдкалегія «Новой газеты» апублікавала.
Паважаныя Святлана Уладзіміраўна і Людміла Аляксандраўна!
Я, грамадзянка Беларусі Ірына Халіп, звяртаюся да вас як жонка палітвязня Андрэя Саннікава і маці чатырохгадовага Данііла Саннікава. Спадзяюся, што вы, як жонкі і маці, зразумееце мяне.
Мой муж, кандыдат у прэзідэнты Беларусі, быў кінуты за краты ў дзень выбараў. Яго прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у выбарах і мірнай дэманстрацыі пратэсту. Лукашэнка расправіўся з ім за ўсё — за тое, што Андрэй быў моцным супернікам, за тое, што мае досвед дзяржаўнай службы, за тое, што, сыйшоўшы ў адстаўку з пасады намесніка міністра замежных спраў у рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, застаўся значнай фігурай у палітыцы. Ён меў усе шанцы перамагчы на выбарах (калі б яны былі сумленнымі) і выбудаваць нармальныя адносіны і з Расіяй, і з Захадам. За гэта і сядзіць у турме.
Зараз сітуацыю можна назваць крытычнай. Беларускія спецслужбы робяць усё, каб ператварыць мяне ва ўдаву, а нашага сына — у сірату.
На жаль, наш Даня ўжо мае сумны досвед сіроцтва: 19 снежня я была арыштаваная разам з мужам, а Даню дзяржава спрабавала забраць у дзіцячы дом. Я не хачу, каб ён стаў сіратой.
Вы таксама — жонкі і маці. І я прашу вас пераканаць вашых мужоў выкарыстоўваць усе магчымасці, каб не дапусціць фізічнага знішчэння майго мужа Андрэя Саннікава і запатрабаваць ад Лукашэнкі вызваліць яго і іншых беларускіх палітвязняў.
Я не сумняваюся, што вы знойдзеце патрэбныя словы.
З павагай і надзеяй на разуменне.
Ірына Халіп