Атрошчанкаў стаў на ўлік у міліцыі
“Зробленыя такія ўмовы, каб я не займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Фактычна я несвабодны чалавек, бо ў мяне нагляд такі, як у асобы, якая ўчыніла цяжкае злачынства”, – заявіў былы палітвязень Аляксандар Атрошчанкаў "Свабодзе".
У міліцыі Фрунзэнскага раёну Атрошчанкаву заявілі, што ён абавязаны паведамляць, калі мяняе месца жыхарства, а таксама паведамляць, калі ад’едзе некуды больш, чым на месяц.
Аднак Атрошчанкаў мае права выяжджаць за мяжу.
Палітвязьня папярэдзілі, што калі ён парушыць адміністрацыйнае заканадаўства болей за тры разы, у яго будуць больш жорсткія ўмовы нагляду.
Атрошчанкаву таксама паведамілі, што такі нагляд будзе дзейнічаць, пакуль не пагасіцца ягоная судзімасьць.
Аляксандра Атрошчанкава, прэсавага сакратара перадвыбарчага штабу Андрэя Саньнікава, пасьля падзеяў на Плошчы асудзілі на 4 гады турмы ўзмоцненага рэжыму. Атрошчанкава вызвалілі 14 верасьня на ўказ аб памілаваньні.