Прэм’ера фільму «Выбар Саннікава» на «Белсаце» 14 верасня а 21:25
Фільм «Выбар Саннікава» зняты для «Белсату» Вячаславам Ракіцкім і Андрэям Кісялём глядзіце 14 верасня а 21:25 пасля галоўнага выдання "Аб'ектыва".
Анонс фільму:
Вашай увазе гутарка з адным з суаўтараў фільму, вядомым беларускім журналістам Вячаславам Ракіцкім.
Сяргей Пеляса: «Андрэй Саннікаў – вядомая асоба ў Беларусі. Пра што новае можна даведацца з Вашага фільму?»
Вячаслаў Ракіцкі: «Перадусім пазнаёміцца з ягонай не зусім тыповай для беларускага палітыка біяграфіяй. Упершыню ў высокую палітыку, на пасаду прэзідэнта ішоў, так бы мовіць, генетычны інтэлігент. Інтэлігент у трэцім пакаленні. Ягоны дзед – Канстанцін Саннікаў – быў галоўным рэжысёрам Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы. Ён вядомы тым, што прывёў у драматургію Андрэя Макаёнка. Менавіта ў гонар Макаёнка і атрымаў герой нашага фільму імя Андрэй. Бацька Андрэя Саннікава – Алег Саннікаў – быў знаным тэатральным крытыкам. У доме Саннікавых часта бывалі выбітныя людзі мастацтва, літаратуры: Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, іншыя пісьменнікі, акторы. Такая сям’я, такое асяроддзе і сфармавалі як асобу будучага кандыдата на прэзідэнта Беларусі, які цудоўна разумее, што гістарычная і культурная адметнасць Беларусі вымагае змагання за яе рэальны суверэнітэт і за яе ўваходжанне ў склад Еўрапейскага Звязу».
Сяргей Пеляса: «Чаму менавіта такая назва – «Выбар Саннікава»?
Вячаслаў Ракіцкі: «Нас цікавіла, чаму Андрэй Саннікаў зрабіў выклік аўтарытарнаму кіраўніку, цудоўна ўсведамляючы, што гэта яшчэ і выбар турмы. І адказ на гэтае пытанне акурат і ёсць у ягонай біяграфіі інтэлігента, інтэлектуала, чалавека, для якога паняцце годнасці, адказнасці недыскусійнае. Саннікаў, які, паводле словаў ягонага аднадумцы, кінарэжысёра Юр’я Хашчавацкага, пагарджаў уладай у яе сягонняшнім, лукашэнкавым, разуменні, не мог не зрабіць такога выбару ўжо хоць бы таму, што хтосьці і калісьці мусіць спыніць дыктатара. Ён глыбока адчуваў і сваю адказнасць за будучыню краіны, і свае здольнасці кіраваць ёю, таму і зрабіў такі драматычны выбар».
Сяргей Пеляса: «Якім паказаны Андрэй Саннікаў у фільме?»
Вячаслаў Ракіцкі: «Мы паспрабавалі зняць фільм у жанры партрэту. Таму Саннікаў паказаны і як палітык, і як сем’янін. Палітык ён еўрапейскай і беларуска-незалежніцкай арыентацыі, глыбока адукаваны, з веданнем замежных моваў. А кадры хронікі засведчаць, што ён нязломны і паслядоўны. Таксама са словаў маці Алы Саннікавай і жонкі Ірыны Халіп гледачы даведаюцца, які ён сын, бацька, муж. Як нам падалося, ён шчыры ў сваёй любові і сваім каханні. Выдатная сям’я ў Андрэя! Напэўна, таму ўлады гэтак жорстка з ёю расправіліся: кінула на турэмныя нары жонку і паспрабавалі забраць бацькоў у маленькага сына – Даніка».
Сяргей Пеляса: «Як зняць фільм пра чалавека, які застаецца ў турме?»
Вячаслаў Ракіцкі: «Безумоўна, фільм-партрэт лягчэй зняць, калі герой на волі. Але рэальнасць вымушае шукаць іншыя крокі, чым інтэрв’ю з героем і назіранні за ягоным будзённым жыццём. У дадзеным выпадку пра Саннікава расказваюць ягоныя самыя блізкія людзі: маці і жонка, а таксама палітычныя паплечнікі – Станіслаў Шушкевіч, Віктар Івашкевіч, Юрый Хашчавацкі. У дадатак мы выкарысталі хроніку выбарчай кампаніі Саннікава, ягоныя інтэрв’ю напярэдадні выбараў, сямейныя фотаздымкі».
Сяргей Пеляса: «Каму будзе цікавы гэты фільм?»
Вячаслаў Ракіцкі: Думаю, што фільм перадусім будзе цікавы тым, хто аддаў свае галасы за Саннікава. Яны пераканаюцца, што не памыліліся ў сваім выбары. Гэтаксама, думаю, ён будзе цікавы і тым, хто галасаваў за іншых дэмакратычных кандыдатаў. А ўвогуле – усім, каму неабыякавы лёс Беларусі ды лёс яе герояў, не толькі далёкай мінуўшчыны, а і тых, хто робіць беларускую гісторыю сёння. Саннікаў – адзін з тых герояў. І вельмі яскравых».
Сяргей Пеляса: «Ці Саннікаў – гэта адзіны з асуджаных былых кандыдатаў на прэзідэнцтва, пра якога Вы знялі фільм?»
Вячаслаў Ракіцкі: «Не. Мы знялі яшчэ фільм-партрэт пра Мікалая Статкевіча. Называецца ён «Дарога Статкевіча». Там некалькі іншае драматургічнае і рэжысёрскае вырашэнне».
Фільм «Дарога Статкевіча» глядзіце 21 верасня.