Якія тавары перасталі купляць беларусы?
Прадаўцы кажуць, што людзі адмаўляюцца ад імпартных цукерак і кавы. А ў краме “Белрыба” няма ні маслянай, ні палтуса, ні фарэлі… Бо не купляюць.
Як даведалася Еўрарадыё, крамы пазбаўляюцца ад імпарту, таму што людзі больш яго не купляюць. Цяпер на вячэру рыбу людзі амаль не набываюць, кажуць Еўрарадыё ў краме УП “Белрыба”:
“Сітуацыя аналагічная з садавінай. Асартымент рыбы зменшыўся ледзьве не ў 4 разы. Фактычна нават выбару няма.
Натуральна, што людзі з-за цэнаў купляюць менш. Ну, і плюс да ўсяго цяпер праблемы з далікатэснай рыбай… Ікры цяпер няма, і ці закупяць — пытанне.
Тыя, хто раней рыбу купляў кавалачак, каб павячэраць, — такіх людзей стала нашмат менш. На вяселлі ўсё адно купляюць. Але цяпер з далікатэснай рыбы ў нас толькі адна сёмга. Ні маслянай, ні палтуса, ні фарэлі, нічога няма”.
У мінскай краме, якая прадае садавіну і гародніну, кажуць, што штодня выкідваюць імпартную прадукцыю… на сметнік!
Крама садавіны і гародніны: “Ну, садавіна імпартная… У мяне яна не ідзе. Штодня толькі паціху выкідваем. Яна вельмі дарагая. Яблыкі імпартныя… я паціху выкідвала, выкідвала — і выкінула іх. На сёння ў мяне ўвогуле няма імпартнай прадукцыі. Толькі апельсіны, лімоны, бананы. Іх не купляюць! Ну, хто будзе купляць мандарыны па 20 тысяч? Вельмі дрэнна купляюць і бананы…”.
Ад імпарту вымушаныя адмовіцца і ў мінскай краме “Мяцеліца”. Напрыклад, украінскія цукеркі Roshen сюды больш не завозяць.
“Мяцеліца”: “Дарагі імпарт сталі менш замаўляць. У прынцыпе, увесь імпартны тавар — расійскі, украінскі… З Украіны мы, напрыклад, раней бралі рашэнаўскія цукеркі — цяпер не бярэм, таму што дорага, цэны проста атамныя.
У нас невялікая крама, таму пакупнік “сярэдні”. Калі мы раней штосьці і бралі імпартнае, больш дарагое, то цяпер сэнсу такое браць няма. Бярэм амаль што толькі беларускае, таму што для пакупніка гэта больш-менш дасяжна. Наш беларускі тавар сыходзіць увесь”.
Еўрарадыё апытала людзей на вуліцы: ад чаго ім давялося адмовіцца з-за крызісу?
— Ад сушы, ікру чырвоную не ем. Дорага!
— Па-першае, мяса не знойдзеш, па-другое, ад дэлікатэсаў даводзіцца адмаўляцца. Рыбу, асабліва чырвоную, увогуле не купіш. Вэнджаныя каўбасы, якасныя…
— У асноўным ад садавіны…
— Не, нічога такога няма. Рэч у тым, што я рэдка тут бываю, пакуль не заўважыла.
У краме “Сухараўскі” прадукты цяпер купляюць менш, але нічога не выкідваюць. Прывабліваюць пакупнікоў зніжкамі.
“Сухараўскі”: “Кошты, натуральна, падняліся. Я ж Амерыку вам не адкрыла. Таму, вядома, рэалізацыя таксама зменшылася. Але не настолькі, каб быць крытычнай. Таму мы нічога не выкідваем. У нас заўсёды зніжкі, каб трымаць пакупнікоў. Напрыклад, сёння грэчка па 15 тысяч”.
У краме “Вестэр” кажуць, што людзі сталі купляць менш кавы, гарбаты ды цукерак.
“Візуальна — тое, што сама бачу — так, людзі прыглядваюцца да менш дарагіх цукерак, кавы… Магчыма, дарагую каву і цукеркі людзі сталі купляць менш. Гарбату таксама. Каўбаса, малако, хлеб — гэта прадукты першай неабходнасці. Таму іх продаж не знізіўся”.
А ў некаторых крамах з намі проста адмаўляліся гаварыць…
“Зялёны клён”: “Ой, не ведаю, што вам сказаць… Калі шчыра, то нічога і казаць не хачу”.