Яўген Сакрэт: “Цяжка прывыкаць да ролі вольнага чалавека”
Яўген Сакрэт адбываў пакараньне ў Магілёўскай калёніі №15. 13 жніўня яго выпусьцілі – Яўген трапіў пад указ Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні.
Пра ўмовы вызваленьня ён размаўляць пакуль адмовіўся, але першымі ўражаньнямі на волі падзяліўся з карэспандэнтам Радыё Свабода:
“Прабачце, я пакуль што не магу даваць ніякіх інтэрвію, ёсьць такія абставіны, і пакуль я ня буду казаць пра вызваленьне.
Што да калёніі, то ў мяне ўвогуле няма да іх ніякіх прэтэнзій. Збольшага там ня вельмі дрэнна. Канечне, гэта не санаторый, там усё па званку робіцца.
Карэспандэнтка: “Яўген, а туды, у калёнію, вам нейкая інфармацыя даходзіла – пра падтрымку, пра міжнародную салідарнасьць?
“Канечне. Мне дасылалі лісты і людзі з Ангельшчыны, нейкія дзеткі дасылалі свае малюнкі. Я адказваў усім – “вялікі дзякуй усім сябрам, вядомым і невядомым. Сябры пазнаюцца толькі ў горы”.
Карэспандэнтка: “А ў калёніі з палітычнымі вы неяк кантактавалі?”
“Так. Мы сядзелі ў карантыне разам зь Дзімам Буланавым. Кантактавалі і з Аляксандрам Малчанавым”.
Карэспандэнтка: “А як трымаюцца яны?”
“Як мужчыны”.
Карэспандэнтка: “Якія першыя адчуваньні на волі?”
“Неяк цяжка прывыкаць да ролі вольнага чалавека. Бо, канечне, у зоне было зусім іншае жыцьцё. Я яшчэ не адчуў усе ступені свабоды… Пакуль што ў сваёй барацьбе вырашыў адпачынак узяць. Пакуль што прыходжу ў сябе”.