Жыцце за кратамі
"Радыё Свабода" працягвае сачыць за жыццем беларускіх палітвязняў.
Вязень калёніі Віцьба-3, што пад Віцебскам, Алесь Атрошчанкаў паведаміў у лісьце цікавыя зьвесткі пра тое, як сядзеў у гарадзенскай турме журналіст Андрэй Пачобут. Жонка Атрошчанкава Дар’я Корсак зачытала вытрымку з ліста.
“Тут заехаў чалавек, які зь ім ў гарадзенскім СІЗА перасякаўся. Вельмі добра пра яго адгукаўся, казаў, што ён сапраўдны мужык і распавядаў шмат цікавых гісторый. Я схільны гэтаму верыць, бо ўжо ведаю, што ў такіх умовах можна шмат даведацца пра чалавека, нягледзячы на тое, што тут ніхто нікому ня верыць і кожны спрабуе апрануць на сябе шмат слаёў брані і маскіроўкі”.
Алесь Атрошчанкаў паведаміў таксама, што працягвае займацца ў калёніі спортам, ў прыватнасьці, гуляе у футбол і валейбол. Нядаўна футбольная каманда, у якой ён гуляў, выйшла ў фінал турэмнага спаборніцтва.
Журналістка Ірына Халіп , асуджананя на 2 гады з адтэрміноўкай, 19 ліпеня прыйдзе ў суд на разгляд сваёй касацыі. Пра мужа, кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньінкава , якога неўзабаве адправяць ў Наваполацкую калёнію, Ірына распавяла:
“Андрэй трымаецца цудоўна, ў яго пачуцьцё гумару дзякуй Богу не страчанае і , напэўна, гэта яго выратоўвае. Ён бадзёры па-ранейшаму. Ведаю, што яго перавялі ў іншую камэру, дзе 12 чалавек, а не 4, як было раней. Там ужо значна горшыя умовы. Там вельмі сьпякотна, цяжка дыхаць, тым не меней ён трымаецца. Толькі напісаў, што казкі для Даніка наўрад ці пакуль зможа пісаць, бо ня можа там знайсьці нішу, каб у цішыні пісаць”.
Дэпутат Эўрапарляманту ад Польшчы Марэк Мігальскі , які апякуецца Зьмітром Бандарэнкам , накіраваў ліст адміністрацыі Валадаркі з просьбай арганізаваць кансультацыю вязьня ў нэйрахірурга.
Нагадаем, Бандарэнку адміністрацыя СІЗА паставіла перад выбарам: альбо ехаць ў калёнію, альбо класьціся на апэрацыю ў 5-ай клініцы, з якой яго таксама хутка забяруць у калёнію, дзе рэабілітавацца будзе вельмі складана. Каб не памыліцца, прымаючы адказнае рашэньне, патрэбна кансультацыя адмыслоўцы, у якой Бандарэнку пакуль адмаўляюць.