Жахлівы «Дзень Незалежнасці» (ON-LINE)
Новы «Вечар апладысментаў»: ізноў сотні ўдзельнікаў ва ўсёй краіне, блакаваныя плошчы і спектакль запалохвання.
У Мінску сотні чалавек ізноў выйшлі на Плошчу з пратэстам. На гэты раз гэта была Прывакзальная плошча. Многія людзі выйшлі сем’ямі, з дзецьмі, а сутыкнуліся з хамствам і затрыманнямі. Нягледзячы на дзясяткі затрыманняў, людзі заставаліся на Плошчы ўпарта, да апошняга. .
Аказалася, што людзі былі псіхалагічна не гатовыя пратэставаць у прысутнасці Лукашэнкі, на парадзе, але гатовыя да адчайнага мірнага стаяння ўвечары.
Пакуль немагчыма дакладна назваць лічбу затрыманых жыхароў сталіцы. Рэпарцёры «Нашай Нівы» былі сведкамі затрымання не менш за 100 чалавек. Карэспандэнты сталі відавочцам таго, як ад Прывакзальнай плошчы ад’ехалі 4–5 аўтазакаў і 3–4 аўтабусы з затрыманымі.
Паводле звестак праваабаронцаў-вясноўцаў, у РУУСы дастаўлена не менш за 120 чалавек.
Затрыманні праводзіліся арганізаванымі групамі асобаў у цывільным, пераважна брытагаловых. Затрымлівалі людзей з ужыццём сілы, часам жорстка збівалі.
Гіцлі ў цывільным сёння перашкаджалі працы журналістаў. На вачах у рэпарцёраў «Нашай Нівы» гэта здарылася двойчы. Тыпы пырскалі рэпарцёрам пярцовым газам, часам проста ў твар. Усяго такіх выпадкаў, паводле сведчанняў журналістаў, было прынамсі шэсць.
Рэпарцёр агенцтва «Інтэрфакс» стаў відавочцам таго, як група асобаў у цывільным пасля разгону людзей скіравалася да шапіка «Ежа ў дарогу». Яны былі ў гуморы, жартавалі між сабой, былі задаволеныя сабой. Яны набылі піражкі з капустай і квас і сілкаваліся.
У Магілёве на вуліцы выйшла больш людзей, чым у Мінску. Там адбылася найбольшая ад 1996 года акцыя пратэсту. У шэсці ўзялі ўдзел не менш за 1000 чалавек.
Нагадаем, што Магілёў — радзіма Лукашэнкі.
У Гродне, Гомелі і Брэсце на вуліцы выйшлі сотні людзей. Ёсць затрыманыя. У Гродне, паводле папярэдня інфармацыі, затрымалі дзясяткі людзей. Тое адбылося пасля прыезду на Плошчу старшыні мясцовай вертыкалі сп. Шапіры.
20.30
У Кастрычніцкі РУУС прывезьлі два аўтазакі і аўтобус з затрыманымі, сярод іх журналіст Аляксандар Баразенка.
20:20
У Магілёве ў часе разгону шэсця міліцыя арыштавала журналіста Алеся Асіпцова, праваабаронцу Барыса Бухеля і шмат іншых удзельнікаў акцыі. Пра гэта для радыё «Свабода» паведаміла жонка журналіста Алена Асіпцова. У Магілёве ўдзел у шэсці ўзялі больш за 1000 чалавек. Гэта найбольшая акцыя пратэсту ў горадзе ад 1996 года.
20.02
Акцыя скончылася, у гурце застаюцца ўсяго каля 30 чалавек. І менавіта цяпер падвезлі здымачныя групы БТ і АНТ. Яны здымаюць. Магчыма, тэлегледачы змогуць пераканацца, які малалюдны быў пратэст на Прывакзальнай плошчы.
19.46
Патэлефанаваў бацька аднаго з затрыманых — 28-гадовага Юрася Салодкага. Юрась сказаў яму, што іх вязуць у адзін з РУУСаў.
19.44
Тыпы ў цывільным счапіліся ў ланцуг, спрабуюць выцясніць 300–400 пазасталых каля вежаў пратэстоўцаў.
19.40
Каля адной з вежаў сабраліся маладыя жанчыны. Яны гучна, крыкма крычаць, пратэстуюць супраць дарагавізны, росту цэнаў, кажуць: дзіцячыя рэчы да чаго падаражэлі, як пражыць? У адной з жанчын здарылася сапраўдная істэрыка. Колькі каштуюць памперсы, дзіцячае харчаванне? Як пражыць, крычыць яна. Жанчын абступілі журналісты. Да іх падышоў асабіста Яўсееў, спрабуе іх разагнаць.
19.35
Затрыманні прыпыніліся. Паводле ацэнкі рэпарцёра «Нашай Нівы», магло быць затрымана не менш за 100 чалавек. На гэты момант, нягледзячы на масавыя затрыманні, на Плошчы з боку вежаў працягваюць стаяць каля 500 пратэстоўцаў. Пратэсты адчайна зацятыя.
19.34
Першыя відэа:
19.24
Людзі даволі масава супраціўляюцца затрыманню асобамі ў цывільным. У асобаў у цывільным увушшу слухаўкі. Затрыманні суправаджаюцца жорсткім збіццём.
19.22
Масавыя затрыманні распачаліся з процілеглага боку Прывакзальнай плошчы.
19.18
Асобы ў цывільным у другі раз распылілі пярцовы газ, каб перашкодзіць працы журналістаў. Затрыманні набылі масавы характар. затрымана не менш за 30 чалавек. Тым не менш, апладысменты працягваюцца з супрацьлеглага боку Плошчы, з-пад вежаў.
19.16
Затрыманні робяцца масавымі. Грамада адказвае на затрыманні апладысментамі. «Што вы робіце?» — мы чуем, як крычаць спецназаўцам жанчыны, пакуль наш кар. перадае інфармацыю праз тэлефон. Прынамсі 150 чалавек вітаюць пратэстоўцаў з вакон вакзала.
19.14
Прыкладна па 50 чалавек стаіць каля кожнага з дамоў з вежамі.
19.11
На Прывакзальнай плошчы сканцэнтравана некалькі дзясяткаў спецназаўцаў і ціхароў у цывільным. Некалькі адважных пенсіянерак ходзяць і ганяць іх за тое, што яны не дазваляюць людзям хадзіць, куды людзі хочуць.
19.07
Агулам на Плошчы сабралася некалькі соцень чалавек. Найбольш — каля ста — гуртуецца каля будынку міжнародных касаў.
19.00
Міліцыя не дазваляе нікому, акрамя журналістаў, стаяць на Прывакзальнай плошчы. Яна ганяе ўсіх, хто спрабуе туды патрапіць. На вачах у журналістаў затрымалі прынамсі трох хлопцаў. Імёны іх пакуль невядомыя. На Прывакзальнай плошчы з’явіліся брытагаловыя тыпы ў цывільным, якія затрымлівалі людзей 29 чэрвеня. На Плошчу пад’ехалі 3 аўтазакі, а таксама аўтобус для перавозкі затрыманых.
18.52
На Прывакзальнай плошчы ўжо сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, яўна не выпадковага характару.
18.51
З галоўнага выхаду вакзала на Прывакзальную плошчу выпускаюць усіх, а вось з падземнага пераходу людзей наверх не прапускаюць, развяртаюць назад.
18.50
Як толькі рэпарцёры «НН» прыйшлі на Прывакзальную плошчу, да іх адразу падышоў міліцыянт і папрасіў «тут не бавіцца, бо тут будзе сустрэча дэлегатаў». Якіх дэлегатаў? Адказу ён не ведаў. Пасля таго як яму паказалі журналісцкія пасведчанні, ён адразу папрасіў прабачэння і адышоў.
* * *
У Мінску актывісты склікаюць пратэстоўцаў да вакзала, у рэгіёнах — на цэнтральныя плошчы. Гэта мае быць працяг феерычных «Вечароў апладысментаў», што набылі папулярнасць у чэрвені.
Ці пратэсты паўторыцца сёння, ці энтузіязм пойдзе на спад? Уплыў можа мець нават фактар надвор’я. У Мінску неба праяснілася, але ў цэлым праз Беларусь коціцца хваля дажджоў.
Першы этап сённяшняй акцыі маўклівага пратэсту не ўдаўся з аб’ектыўных прычынаў, лічыць адзін з ініцыятараў «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў. У часе параду масавых апладысментаў не прагучала. Увогуле, мінчукі праігнаравалі парад: яго назіралі лічаныя тысячы жыхароў сталіцы.
У каментары БелаПАН Вячаслаў Дзіянаў сказаў. «Мы рыхтуемся да вечара».
Ён паведаміў, што папярэдне абвешчаны ў сетках план дзеянняў застаецца ў сіле, а ўсе іншыя сцэнары варта расцэньваць як правакацыі.