Змітра Бандарэнку паклалі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь
Зьмітра Бандарэнку паклалі на лячэньне ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Алесь Атрошчанкаў атрымаў 35 паштовак, некаторыя не прапусьціла турэмная цэнзура. Сяргей Казакоў трапіў у Бабруйскую калёнію.
На 15 ліпеня прызначаны разгляд касацыйнай скаргі каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі, асуджанага Першамайскім судом Менску на 2 гады зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка. Актуальным застаецца пытаньне здароўя вязьня. 22 чэрвеня Вольга Бандарэнка сустракалася зь лекарам ізалятара на Валадарскага, ад якога даведалася, што мужа паклалі для лячэньня ў рэспубліканскі турэмны шпіталь:
«На дадзены момант вядома, што нарэшце пачаўся рух, яго спачатку паклалі ў мэдычную частку, а потым у рэспубліканскі турэмны шпіталь. Пра гэта мне паведамілі сёньня ў ізалятары, калі я здавала лекі для Дзьмітрыя. Шпіталь, дарэчы, цяпер знаходзіцца на тэрыторыі ізалятара на Валадарскага, бо на Кальварыйскай будынак закрылі».
У лісьце дамоў Зьміцер Бандарэнка напісаў пра свае сустрэчы з прадстаўнікамі адміністрацыі Валадаркі. Зь ліста вынікае, што вязьню пэўны час прапаноўвалі перавод у калёнію да разгляду касацыйнай скаргі. Зьміцер Бандарэнка настойваў на тым, каб яго пачалі па-сапраўднаму лячыць яшчэ да пераводу ў калёнію, дзе мэдычнае абслугоўваньне вязьняў значна горшае. Паводле Вольгі Бандарэнкі, лекар з Валадаркі ў размове зь ёй прызнаў, што Зьмітру тэрмінова патрэбная апэрацыя.
Вязень калёніі «Віцьба-3» Алесь Атрошчанкаў паведаміў, што атрымаў некалькі дзясяткаў паштовак ад людзей, якія выказалі яму салідарнасьць. Жонка Алеся Дар’я Корсак распавяла:
«Ёсьць такі праект pashtouka.org. Там можна ў электронным выглядзе запоўніць паштоўку, якую потым надрукуюць і адправяць вязьням. І вось Саша напісаў, што ўжо 30 ці 40 паштовак атрымаў, і толькі 4 яму не перадалі, бо ў іх было нешта, як сказалі, «што зьневажае дзейны палітычны лад».
Асуджаны за Плошчу Сяргей Казакоў трапіў для адбыцьця пакараньня ў Бабруйскую калёнію № 2, паведаміла «Свабодзе» маці вязьня са спасылкай на паведамленьне з калёніі. Пра сына Ганна Віктараўна распавяла, што той зараз перажывае праблему асабістага характару: яго пакінула дзяўчына.
«Проста яна была зь ім мінулыя тры месяцы, і пісала, і перадачы перадавала, а потым рэзка зьнікла. А потым мне Сяргей сказаў на спатканьні, што яна бярэцца шлюбам», — распавяла маці Сяргея Казакова.