“Маўклівая рэвалюцыя” (АНЛАЙН, ФОТА, ВІДЭА)

Тысячы людзей на вуліцах, нягледзячы на масавыя затрыманні.

19.50

Каля крамы “Рублёўскі” на Нямізе затрымана больш за дзесяць чалавек. Туды яшчэ пад’язджаюць аўтазакі.

19.50

На праспекце Незалежнасці насупраць рэстарана “Гудвін” затрымалі карэспандэнта “НН” Алеся Пілецкага, які фатаграфаваў спецназаўцаў. Цяпер ён у аўтазаку. Там, апроч яго, 37 затрыманых. Сярод іх журналіст “Салідарнасці” Сяргей Балай, былы палітвязень Аляксандр Баразенка.

19.43

Каля ГУМа стаіць каля сотні чалавек. Карэспандэнт «НН» бачыў, як спецназаўцы вялі чатырох затрыманых у двары за ГУМ.

19.37

Ля Катэдры адбылося затрыманне. Высокага маладзёна ў сіняй кашулі, які размаўляў па тэлефоне, завялі за шэрагі міліцыі.

19.36

На скрыжаванні Леніна і Інтэрнацыянальнай – ланцуг міліцыі. Яны не даюць людзям трапіць на праспект, пачынаюць адціскаць іх да Нямігі.

19.33

У рацыі кіроўцы аднаго з аўтазакаў карэспандэнт “НН” пачуў паведамленне пра тое, што агулам затрымана 150 чалавек.

19.35

Калона ў некалькі соцень чалавек ідзе па тратуары ад КДБ да плошчы Незалежнасці. ДАІ штрафуе кіроўцаў, якія сігналяць.

19.29

Насупраць КДБ, узбоч сквера з бюстам Дзяржынскага стаіць больш за сотню людзей. Час ад часу яны пачынаюць воплескі.

19.25

Спецназаўцы каля гатэля “Еўропа” кінуліся на чалавека з фотаапаратам і спрабавалі яго забраць, але людзі не далі.

19.22

На скрыжаванні праспекта Пераможцаў і Інтэрнацыянальнай, ля гатэля “Еўропа”, стаіць каля паўтары тысячы чалавек. Пры іх — некалькі соцень міліцыі і спецназа.

19.15

На вуліцы Энгельса — некалькі соцень людзей. Спецназ адціскае натоўп у бок Нямігі.

19.05

Да “Патыё-піцы” кіруюцца з сквера імя Грыцаўца некалькі дзясяткаў міліцыянтаў, адцясняюць людзей. Ля “Макдональдса” спецназ пачынае садзіць людзей у аўтобусы.

19.04

Група людзей сабралася насупраць “Макдональдса”, на іншым баку праспекта, ля “Патыё-піцы”. Яны стаяць, пляскаюць у ладкі.

19.00

Спецназ ля “Цэнтральнага” рассек натоўп на дзве часткі — адну кіруе ў бок “Макдональдса”, другую да Кастрычніцкай. Да “Макдональдса” пад’ехалі аўтазакі, з іх выходзіць спецназ.

18.59

На скрыжаванні пр.Незалежнасці і Машэрава стаіць рэгуліроўшчык ДАІ. Машыны з дзвюх крайніх правых палос ён скіроўвае на Машэрава. З дзвюх левых — пускае ў цэнтр. Ужо ўтварыўся затор ад скрыжавання да плошчы Якуба Коласа.

18.57

Спецназ шыхтуецца і пачынае адціскаць натоўп у бок “Макдональдса”.

18.55

Людзей збіраецца. Яны займаюць амаль увесь тратуар ад “Макдональдса” да ўваходу ў метро. Некалькі разоў спрабавалі пляскаць у ладкі. Машыны падтрымлівалі іх сігналамі. З’явіўся экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

18.49

Каля «Макдональдса» на праспекце, у скверы на вуліцы Леніна групками стаяць людзі — іх ужо болей за сотню.

18.44

Відавочцы паведамляюць, што палкоўнік Яўсееў сказаў спецназаўцам: усіх заклікаць разысціся, хто не згаджаецца — тых у транспарт.

18.40

Як паведамляюць чытачы, цягнікі метро мінаюць станцыю “Кастрычніцкая” не спыняючыся. Перакрытая і станцыя «Купалаўская».

18.38

Спецназ спрабуе лакалізаваць усіх журналістаў — і дзяржаўных, і незалежных — на вуліцы Энгельса — насупраць вялікага экрана. Там стаіць і кіраўнік прэс-групы МУС Ластоўскі.

18.33

На плошчы схапілі журналіста радыё “Свабода” Алега Груздзіловіча. Два спецназаўцы павалаклі яго проста праз плошчу да сваіх аўтобусаў, што ля Палаца рэспублікі з боку Мінаблвыканкама. Журналіст спрабаваў супраціўляцца, яго павалілі, ударылі. Падбеглі яшчэ два спецназаўцы. Зараз Груздзіловіч у аўтобусе.

18.30

Як паведаміла радыё “Свабода”, ад вуліцы Маскоўскай у бок плошчы Незалежнасці прапускаюць толькі грамадскі транспарт.

18.29

На Кастрычніцкую плошчу нікога не пускаюць —

«рэжымнае мерапрыемства»

Прайсці можна толькі ўздоўж турнікетаў, каля праспекта.

18.13

Людзей, якія спыняюцца каля ўваходу ў метро “Кастрычніцкая” ля “Цэнтральнага”, спецназ просіць “адыходзіць”. Але патрапіць на Кастрычніцкую плошчу можна вольна. Метро працуе пакуль у звычайным рэжыме.

17.56

Перакрытая і крайняя левая паласа сустрэчнага кірунку. Такім чынам, па цэнтры праспекта ўтварыўся «калідор». Магчыма, для аператыўнага праезду спецтэхнікі ў выпадку, калі на праспекце ўтворыцца аўтамабільны затор. Напярэдадні з’яўлялася інфармацыя, што «народныя гулянні» могуць падтрымаць удзельнікі акцыі «Стоп, бензін!»

17.50

Дарожныя службы пачалі перакрываць крайнюю левую паласу праспекта ад скрыжавання з вуліцай Энгельса ў кірунку плошчы Незалежнасці.

17.40

Каля выхаду з метро і ўніверсама «Цэнтральны» па ходніках інтэнсіўна прагульваюцца асобы ў цывільным. Сярод іх трапляюцца знаёмыя твары: відавочцы пазналі некалькіх спецназаўцаў, якія сведчылі супраць удзельнікаў пратэстаў 19 снежна на працэсах па справе аб «масавых беспарадках».

17:33

Людзі, якіх спецназаўцы зганялі з Плошчы, паселі на парапеце ўздоўж вуліцы Энгельса (ля ўніверсама “Цэнтральны”).

Цяпер спецназаўцы гоняць іх і адтуль у бок перахода да “Цэнтральнага”. На пытанне, чаму гэта яны так робяць, адказваюць, што на Кастрычніцкай будзе праводзіцца мерапрыемства, і таму знаходзіцца там, ці сядзець на парапеце – нельга.

17.20

Па Кастрычніцкай можна прайсці толькі ўздоўж праспекту. Тых, хто становіцца або сядае бліжэй да цэнтра плошчы, міліцыя просіць сысці. У тым ліку асабіста ходзіць сам палкоўнік Яўсееў. Ён тлумачыць, што зараз трэба пакінуць плошчу, «а калі пачнуцца мерапрыемствы, можна будзе зайсці». Якія мерапрыемствы — не расказвае.

17.15

Спецназ пачынае агароджваць турнікетамі Кастрычніцкую плошчу.

17.12

На Кастрычніцкай плошчы пад вялікім экранам дэманстратыўна выстаўлены аўтазак.

17.07

Як паведамляе карэспандэнт «НН», за Палацам рэспублікі стаяць два аўтазакі, некалькі УАЗаў з танаваным шклом. Каля іх групуюцца спецназаўцы і асобы ў цывільным. Восем міліцэйскіх аўтобусаў заўважаныя на вуліцы Рэвалюцыйнай. Плошча Свабоды абгароджаная турнікетамі, у «пунктах пропуску» стаіць міліцыя, але пакуль усіх пускаюць свабодна. Там стаіць аўтазак і некалькі міліцэйскіх аўтобусаў. Уздоўж турнікетаў праз кожныя дзесяць метраў — міліцыянт.