«Вконтакте» сабрала Плошчу (ФОТА)
На заклік суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» адгукнуліся некалькі соцень людзей.
19.43
Акцыя завяршылася. Удзельнікі разыходзяцца з плошчы.
19.38
Яўсееў, Грышчанка і яшчэ некалькі спецназаўцаў і «цывільных» наблізіліся да кола моладзі, якая спявала. Міліцыянты перамаўляліся па тэлефонах, пасля дасталі мегафон. Але ў той момант удзельнікі акцыі скончылі спяваць і проста разышліся па плошчы. Шчыльнае кола распалася, на Кастрычніцкай стаяць групкі людзей. Міліцыя выглядае разгубленай.
19.34
Нехта заспяваў «Тры чарапахі» N.R.M., моладзь падхапіла.
Спявае большасць прысутных.
19.29
Людзі ўтварылі кола ў цэнтры плошчы. У ім — барадаты чалавек сталага веку спявае бардаўскія песні пад гітару. Моладзь слухае. Сярод міліцыянтаў заўважаныя намеснік кіраўніка ГУВД Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў і маёр Максім Грышчанка.
19.26
Адзін з удзельнікаў акцыі паведаміў, што гэта другая спроба мінскай моладзі сабрацца на заклік суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». На першую сустрэчу тыдзень таму прыйцшло каля пяцідзесяці чалавек. Удзельнік акцыі расказаў карэспандэнту «НН», што даведаўся пра акцыю праз «Вконтакте» і што, на яго думку, на такія акцыі збіраецца моладзь, якая расчаравалася ў апазіцыі і яе метадах, але хоча выказаць сваю нязгоду з уладай.
Ці могуць такія акцыі быць паспяховымі? Суразмоўца прывёў прыклад Фэйсбук-рэвалюцыі ў Егіпце. Колькі мусіць сабрацца людзей, каб сітуацыя ў краіне змянілася? «Людзей мусіць быць столькі, каб яны занялі праспект ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі», — лічыць удзельнік акцыі.
19.23
Людзі — а іх сабралася каля чатырохсот чалавек — пачалі гучна пляскаць у ладкі. пачуліся радасныя воклічы. Вакол натоўпу ездзіць група раварыстаў, яе вітаюць воплескамі.
А 19.00
на Кастрычніцкай сабралася, паводле ацэнак карэспандэнта «НН», каля трохсот маладых людзей. Большасць іх на вока не маюць і 25-цігадоў. Яны стаяць невялікімі групкамі і па адным. Хтосьці сядзіць на прыступках Палацу прафсаюзаў, хтосьці проста на плошчы. Няма ні лозунгаў, ні сімволікі. Стаяць яны даволі шчыльна, мінакі мусяць іх абыходзіць, некаторыя цікавяцца, што адбываецца.
Прысутнічае таксама спецназ і супрацоўнікі ў цывільным. Людзі яшчэ падыходзяць. Акцыя маўклівай салідарнасці мае працягнуцца да 19.30.