Аўтамабільная рэвалюцыя ў Мінску (ВІДЭА, ФОТА)

Акцыя «Стоп-бензін-4»: сотні машын блакуюць праспект Незалежнасці.

21.32

Карэспандэнт “НН” запытаўся ў людзей, якія кідалі дробныя купюры пад колы аўто, навошта яны гэта робяць. “Бо гэта ўжо не грошы, а фанцікі, за іх нічога не купіш”, — быў адказ. Такім чынам, акцыя супраць падаражання паліва перарасла ў агульны пратэст супраць сітуацыі ў эканоміцы.
Затрыманы ўдзельнік акцыі «Стоп- бэнзін»

21.25

Акцыя працягваецца. Яе эпіцэнтр — Кастрычніцкая плошча. У абодва бакі ад яе па праспекце цягнуцца ланцугі аўто ўдзельнікаў пратэсту. Яны едуць павольна з уключанай «аварыйкай», сігналяць. Іх вітаюць сотні людзей на тратуарах. З’явілася новая мода: «ахвяраванне на бензін». Гледачы кідаюць на аўто дробныя рублёвыя купюры. Атмасфера карнавальная.

20.32

У натоўпе на тратуары недалёка ад “Макдональдса” апынуліся замежнікі-немцы. Яны дзівяцца і пытаюць у жанчыны побач: што адбываецца? Жанчына тлумачыць ім сутнасць пратэсту аўтамабілістаў. Тут блізка рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы, кажуць замежнікі, няўжо беларусы не баяцца пратэставаць? Раней баяліся, бо жорстка разганялі, кажа суразмоўца, але цяпер эканамічныя цяжкасці, сітуацыя з валютай і палівам такая, што страх знік. “Давялі народ да крайнасці”, — падсумоўвае яна.

20.29

Асноўны “ачаг супраціўлення” — ад скрыжавання праспекта з вуліцай Леніна да плошчы Перамогі. Туды нагналі эвакуатараў і ДАІ. Кіроўцы імправізуюць і ідуць на хітрыкі: чапляюць тых хто “зламаўся” на трос, павольна цягнуць праспектам, спыняюцца.

20.23

Каля “Макдональдса” спыніліся і безнадзейна “паламаліся” некалькі аўто. Іх кіроўцы нават селі на зямлю побач. ДАІ падыходзіць да кожнага, спрабуе разбірацца, што здарылася. Адбываецца гэта ў спакойнай абстаноўцы.

20.18

У масавым пратэсце ўдзельнічаюць кіроўцы самых розных аўто — ад старых “фальксвагенаў-гольф” і “жыгулёў” да “крайслераў”, “БМВ” і “мерсэдэсаў” апошніх мадэляў.

20.16

Ад 19.50 ДАІ заблакавала праспект у кірунку плошчы Перамогі з боку плошчы Якуба Коласа. Яна скіроўвае транспарт на вуліцу Казлова і праспект Машэрава. У тым ліку і аўтобусы маршруту 100.

20.08

Каля «Цэнтральнага» некалькі соцень чалавек на тратуарах скандавалі: «Стоп бензін!»

20.07

Кіроўца «лексуса» з расійскімі нумарамі пацікавіўся ў удзельнікаў акцыі, што адбываецца. Пасля аб’ехаў затор, уключыў “аварыйку” і таксама паехаў павольна.

20.06

На мосце цераз Свіслач ДАІ паспрабавала спыніць кіроўцу на шэрым «фордзе-універсале». Да яго рухаўся міліцэйскі эвакуатар, але іншыя кіроўцы заблакавалі яму шлях. Даішнікі змушаныя былі адступіць.

20.02

Людзі на тратуарах жыва абмяркоўваюць сітуацыю. Рэакцыя на акцыю абсалютна пазітыўная.

20.01

Да акцыі далучыліся і асобныя байкеры. Яны стаяць у шэрагах машын і сігналяць. Некаторыя ўдзельнікі выставілі пустыя каністры на дахі.

19.59

На мосце цераз Свіслач сабраліся дзясяткі раварыстаў, якія падтрымліваюць акцыю.

19.57

Ад плошчы Перамогі да цырку машыны стаяць. Людзі масава павыходзілі з машын. Фільмуюць затор пратэсту на мабільныя тэлефоны. Спецназ не ўмешваецца.

19.56

Ад Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі акцыі пачынаюць патроху раз’язджацца. На ходніках за пратэстам аўтамабілістаў там назірае каля чатырохсот чалавек.

19.55

Заблакаванае цалкам кола плошчы Перамогі.

19.53

На ўсёй працягласці ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі праспект таксама блакаваны. Аўтамабілістаў вітаюць сотні людзей на тратуарах. Да крамы «Каравай» падагналі аўтазак.

19.50

У раёне Кастрычніцкай плошчы рух на праспекце заблакаваны ў абодвух кірунках.

19.48

Ля «Цэнтральнага» супрацоўнікі ДАІ спрабуюць рукамі выштурхаць з праезнай часткі аўто, якія спыніліся. Людзі сустрэлі гэта дружным смежам і крыкамі: «Штурхай, штурхай!» Многія аўто, што едуць ад плошчы Перамогі ў бок Галоўпаштамта таксама маюць на сабе сімволіку акцыі і белыя стужачкі.

19.46

Да плошчы Перамогі прыехаў эвакуатар. Спрабуе адцягнуць машыны, якія сталі. Кіроўцы і людзі на ходніках абураюцца. Сігналы аўто чуваць на прылеглых вуліцах.

19.42

Сотні машын блакуюць рух па праспекце ў абодва бакі на плошчы Перамогі. Дзясяткі машын маюць сімволіку акцыі. На тратуарах сабраліся тлумы людзей. Яны вітаюць кіроўцаў воплескамі.

19.40

«Галава» калоны, што идзе ад Галоўпаштамту — насупраць універсама «Цэнтральны». Яны рухаюцца вельмі павольна. Некалькі машын зусім спыніліся. Кіроўцы адчынілі капоты. Да іх падышлі прадстаўнікі ДАІ. На ходніках на праспекце збіраюцца людзі, якія апладысментамі вітаюць акцыю.

19.36

Каля пяцідзесяці машын з уключанай аварыйнай сігналізацыяй блакуюць рух каля цырку. Яны рухаліся з боку Кастрычніцкай плошчы. На праспекце гармідар. Машыны сігналяць.

19.34

Як перадае карэспандэнт «НН», ад Галоўпаштамту да Кастрычніцкай плошчы рух фактычна спыніўся: усё заблакавана машынамі. Крайняя правая паласа для аўтобусаў і маршрутак вольная.

19.33

Каля цырку некалькі дзясяткаў машын сталі з уключанай аварыйкай.

19.29

Насупраць КДБ на праспекце павольна ідзе калона каля сотні машын. Едуць марудна ў бок Кастрычніцкай плошчы. З уключанай аварыйкай». Фактычна можна сказаць, што рух у той бок заблакаваны, перадае карэспандэнт «НН».

Аргкамітэт руху «За аўто» распаўсюдзіў план акцыі «Стоп-бензін» 7 чэрвеня, у сувязі з павышэннем цэн на паліва. Яны заклікаюць каля 19.20 дружна выехаць на праспект, каб, а 19.30 запоўніць яго. Актывісты руху за паніжэнне цэнаў на бензін заклікаюць прывязваць белыя стужачкі да антэн сваіх аўтамабіляў, прыляпляць налепкі, уключаць аварыйку і рухацца з паніжанай хуткасцю, паступова збіраючыся ў агульную калону. Таксама мяркуецца, што ўдзельнікі пачнуць хаатычна спыняцца (на розных палосах руху), адкрываць капот, багажнік, даставаць пустыя каністры і праводзіць 15-хвілінны «рамонт» свайго аўтамабіля, у якога нібыта скончыўся бензін ці які перастаў ехаць.

Ініцыятары таксама заклікаюць удзельнікаў не займаць крайнюю правую паласу, каб не перашкаджаць грамадскаму транспарту. «Пры кантактах ці прэтэнзіях з боку праваахоўных органаў захоўвайце валоданне сабой, не паддавайцеся на правакацыі, не ўступайце ў нервовыя сваркі. Будзьце годнымі грамадзянамі сваёй краіны, адстойвайце свае правы», — так сканчаюць яны свой зварот.