Народны сход – 8 кастрычніка
Сёння прадстаўнікі апазіцыі абвесцілі пра намер правесці 8 кастрычніка (субота) Народны сход.
Гэтую ідэю агучылі прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў, АГП, партыі левых «Справядлівы свет», незарэгістраванай партыі «Беларускі рух», «Гавары праўду», БСДП. Вядома таксама, што ідэю падтрымалі сацыял-дэмакраты Сідарэвіча і «Еўрапейская Беларусь».
Як паведамляе “Наша Ніва”, кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч кажа, што акцыя будзе прымеркаваная да Міжнароднага дня барацьбы за годную працу. Сход прымеркаваны да складанай сітуацыі ў эканоміцы краіны, асноўныя лозунгі будуць сацыяльнымі.
Сярод патрабаванняў: спыненне роста цэнаў, забяспечыць годныя заробкі і пенсіі, магчымасць абмену валюты, не дапусціць беспрацоўя, спыніць продаж прадпрыемстваў, гарантаваць свабодную працу незалежным СМІ, рассакрэціць прэзідэнцкі фонд.
«Патрэбен адзіны штаб, які б каардынаваў пратэстны рух. Гэта небяспечна, але мы не павінны пакідаць рабочых адзін на адзін з уладамі», — кажа Г. Фядыніч.
Па ягоных словах, ужо зараз апазіцыя пачынае інфармацыйную працу ў 48 гарадах краіны. Мяркуецца, што сход адбудзецца не толькі ў сталіцы, але і ў абласных і раённых цэнтрах.
«Не выключана, што тэмпература кіпення ў рабочым асяродку будзе максімальнай праз тыдзень ці два, то мы падтрымаем людзей. Будзем разам з імі», — гаворыць прафсаюзны лідар.
Намеснік старшыні АГП Леў Марголін кажа, што ўлада так і не прадэманстравала «ніякай пазітыўнай праграмы для выхаду з крызісу». «Калі справы так пойдуць далей, то мы будзем ставіць пытанне сыходу ўлады», — кажа Марголін.
«Раней людзі казалі, што не ідуць у палітыку, каб карміць свае сем’і. Цяпер яны вымушаныя ісці ў палітыку, каб карміць сем’і», — гаворыць В.Івашкевіч.
Палітык кажа, што ў выпадку, у парушэнне канстытуцыйных нормаў, адмовы ў правядзенні сходаў трэба збірацца ля адміністрацыйных будынкаў гарадоў. Івашкевіч гаворыць, што менавіта на сходах пасля абмеркавання будзе прынятая наступная стратэгія дзеяння, ці гэта будзе доўгатэрміновы страйк, ці вулічныя акцыі пратэсту, ці нешта іншае.