Грай, “Ляпіс”!
Сёньня ў Гомелі ля Цэнтральнага рынку моладзь зладзіла флэш-моб “Засьпяваем “Ляпіса” разам”. Імпрэза маладых сталася рэакцыяй на адмену канцэрту рок-групы “Ляпіс Трубяцкі”, заплянаванага на 13 сакавіка ў лёгкаатлетычным манэжы “Дынама”.
Гамельчукам зь ініцыятывы гарадзкога цэнтру культуры было прададзена на канцэрт звыш 1300 білетаў. І сёньня прыхільнікі рок-групы вымушаныя былі вяртаць білеты.
Каб крыху прытушыць расчараваньне ад адмены канцэрту, моладзі і выйшла а 15-ай гадзіне да рынку і прасьпявала песьню “Грай”, а таксама “Тры чарапахі” Лявона Вольскага.
“Было весела, людзі сьмяяліся”, – кажа маладзён Іван, удзельнік флэш-мобу. – Але зьявіліся спэцназаўцы й сталі забараняць імпрэзу”.
Спэцназаўцы затрымалі з відэакамэрай сябра БАЖ Алега Ражкова і даставілі яго ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Там у яго забралі пасьведчаньні ГА “БАЖ” і карту Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў нібыта дзеля праверкі на сапраўднасьць.
Каля лёгкаатлетычнага манэжу “Дынама”, дзе гамельчукі здавалі білеты на канцэрт “Ляпіса Трубяцкога”, нарад спэцназу прапаршчыка Строева спрабаваў затрымаць сяброўку БАЖ Ларысу Шчыракову, якая здымала манэж на відэа.