УТВАРАЕЦЦА НАЦЫЯНАЛЬНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ “БЕЛАРУСКІ РУХ”

Больш за сто прыхільнікаў апазыцыі ўзялі ўдзел у сходзе 11 лютага, які адбыўся ў сядзібе незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Удзельнікі абмеркавалі сытуацыю ў краіне, прынялі дэклярацыю, у якой асудзілі калябарацыю і заклікалі да змаганьня з дыктатурай, і заснавалі аргкамітэт новай нацыянальна-дэмакратычнай партыі “Беларускі рух”.

У аднагалосна прынятай дэклярацыі, сярод іншага, гаворыцца:

“Беларускія інтарэсы вымагаюць ад нацыянальна-дэмакратычных сілаў змаганьня за свабоду й незалежнасьць, выразнай апазыцыйнасьці рэжыму, яднаньня.

…Антыбеларускі, антыдэмакратычны рэжым – не гарант, а галоўная пагроза незалежнасьці Беларусі. Мы адмяжоўваемся ад адвакатаў улады, якая стварае кіраваную “сыстэмную апазыцыю”. Самаўладная мадэль кіраваньня нерэфармавальная, павінна быць ухіленая і замененая на дэмакратычную.

… Мы лічым неабходным быць разам зь людзьмі ў адстойваньні іхных эканамічных, сацыяльных, грамадзкіх інтарэсаў, абароны годнасьці ды чалавечых правоў – на мясцовым і нацыянальным узроўні.

…Цяперашняя ўлада ня здольная парваць з каляніяльным мінулым. Яна вынішчае асновы нацыянальна-культурнай будучыні беларусаў. Але ва ўмовах пастаяннай пагрозы незалежнасьці нацыянальная адукацыя, мова, культура, гістарычная памяць кансалідуюць нацыю і ёсьць безумоўным прыярытэтам дзейнасьці нацыянальна адказнай сілы.

…Надзённая задача – дамагчыся вызваленьня палітычных вязьняў і спыненьня тэрору супраць сьвядомай часткі народу. Гэта вымагае яднаньня ўсіх адказных палітычных і грамадзкіх сілаў. Але стратэгічнае шырокае аб’яднаньне неабходнае, каб дамагчыся палітычных зьменаў і правесьці свабодныя выбары без лукашызму.

…Мы засноўваем арганізацыйны камітэт, даручаем яму канчатковае распрацаваньне праграмных дакумэнтаў і арганізацыйныя захады дзеля фармаваньня палітычнай партыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку «Беларускі рух»”.

Сярод удзельнікаў сустрэчы прафэсар, вэтэран дэмакратычнага руху Юры Хадыка, кіраўнік Менскай арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч, былы старшыня Партыі БНФ мовазнаўца Вінцук Вячорка, сакратар Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Валянціна Сьвяцкая, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня гісторык Валянцін Голубеў, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Пятро Садоўскі, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця, інжынер Аляксандар Мех з Кобрына, галоўны рэдактар часопісу “Спадчына” Аляксей Хадыка, кінарэжысэр, былы кіраўнік тэатру “Вольная сцэна” Валеры Мазынскі, колішні першы палітычны вязень лукашызму Валеры Сядоў. Больш за траціну ўдзельнікаў – моладзь, у тым ліку моладзевы лідэр, палітпрызыўнік Франак Вячорка, старшыня “Моладзі БНФ” Андрусь Крэчка, перакладніца Сьвятлана Носава. Аб далучэньні да аргкамітэту таксама заявілі кіраўнік мастацкай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін; адзіны сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі, хто адмовіўся падпісваць пратакол выбараў 19 сьнежня, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Галіна Сямдзянава; моладзевы актывіст Антон Койпіш, які цяпер хаваецца ад перасьледу спэцслужбаў.

У аргкамітэт творанай палітычнай арганізацыі ўвайшлі 37 чалавек, пераважна вядомыя прозьвішчы. Але ўдзельнікі спадзяюцца на далучэньне новых людзей, найперш студэнцкай моладзі, інтэлігенцыі, лідэраў мясцовых пратэстных групаў. Плянуецца ўтварыць чатыры камісіі – палітычную, міжнародную, інфармацыйную і культурна-адукацыйную. Менавіта на асьветніцкай працы рабілі акцэнт многія выступоўцы. Для падрыхтоўкі праграмных дакумэнтаў і паседжаньняў аргкамітэту ўтвораная працоўная група з васьмі чалавек.

Падчас выбараў 2010 г. удзельнікі сходу працавалі ў камандах розных кандыдатаў, былі ангажаваныя ў кампанію незалежнага назіраньня. На сходзе ня ставілася пытаньня лідэрства, бо партыя ствараецца не “пад асобу”, а на ідэйнай аснове. Ішла гаворка пра магчымасьць кансалідацыі дэмакратычных сілаў у барацьбе з лукашызмам.

Увесну плянуецца правядзеньне Трэцяга Вальнага Сойму беларускіх суполак – у працяг традыцыі беларускага руху 80-х гадоў. Сваімі саюзьнікамі аргкамітэт творанай арганізацыі лічыць тых, хто змагаецца за свабоду і незалежнасьць, супраць лукашызму.