У Варшаве дамагаюцца вызваленьня Ірыны Халіп
У Варшаве пачаўся збор подпісаў за вызваленьне з вязьніцы маці трохгадовага Данілы Саньнікава – Ірыны Халіп.
Малгажата Гасеўска, былая дэпутатка Сэйму Польшчы, а цяпер старшыня фундацыі “Наша Салідарнасьць” зьвярнулася да прысутных на варшаўскай прэс-канфэрэнцыі з заклікам назбіраць як мага болей подпсаў пад адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, у якім кіраўніка Беларусі заклікаюць вызваліць усіх затрыманых у сувязі з падзеямі 19 сьнежня, “а ў прыватнасьці маці Данілкі Ірыны Халіп, а да часу вызваленьня пакінуць хлопчыка пад наглядам дзядулі і бабулі, даць магчымасьць Даніку часьцей кантактаваць з бацькамі”.
“Бабуля Данілкі атрымала часовую згоду на апякунства над ім, але мы ня ведаем, ці ня прыйдуць заўтра “ветлівыя спадары” ды ня скажуць, што яна недастаткова маладая ці недастаткова здаровая, каб гэта рабіць. Таму мы вырашылі накіраваць адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, пад якім падпісаліся знаныя асобы – журналісты, акторы, музыкі”.
Сярод падпісантаў сусьветнавядомая рэжысэрка Агнешка Холанд, папулярная сьпявачка Эва Бэм, знаны рэпрарцёр Дарыюш Багаткевіч ды іншыя.
Прысутныя наладзілі відэазлучэньне з бабуляй Даніка – Люцынай Бяльзацкай.
У канферэнцыі ўзяў удзел каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Дзмітрый Бародка. Ен адзначыў неабходнасць канкрэтнай дапамогі сем’ям палітвязняў. Было заяўлена таксама , што “Еўрапейская Беларусь”далучаецца да кампаніі па збору подпісаў у Польшчы, Беларусі, а таксама па ўсей Еўропе.
Фундацыя “Наша Салідарнасьць” зьбірае таксама сродкі для падтрымкі беларускіх палітвязьняў на адмысловы рахунак 41 1020 1156 0000 7002 0113 14 65 (банк PKO BP SA).