Памяці Кастуся Каліноўскага (фота)

У Вільні ўшанавалі памяць беларускага змагара за свабоду Кастуся Каліноўскага.

22 сакавіка 1864 году на Лукішскім пляцы ў Вільні быў пакараны смерцю 26-гадовы кіраўнік паўстання за незалежнасць Кастусь Каліноўскі. Пасля экзекуцыі цела героя перавезлі па праспекце – тады Георгіеўскім, а сёння Гедыміна – на Замкавую гару. Там стаяў расійскі гарнізон.

Напярэдадні гэтай сумнай даты беларусы ў Вільні ўшанавалі памяць Каліноўскага, прайшоўшы тым жа шляхам, якім амаль 150 гадоў таму везлі цела героя. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі рух “Беларуская нацыянальная памяць”, які ўзначальвае Анатоль Міхнавец, і Таварыства беларускай культуры ў Літве.

“Каб месца пахавання забітых паўстанцаў не ператваралася ў месца паломніцтва (што было нярэдкай з’явай у тыя часы), Каліноўскага вырашылі пахаваць на тэрыторыі гарнізону. – распавёў на Замкавай гары, акурат каля месца пахавання Каліноўскага, Сяргей Дубавец. – На месцы магілы была абсталяваная пляцоўка для гульні ў крыкет. Так доўжылася да пачатку першай сусветнай вайны, калі расійскі гарнізон пакінуў Вільню.

У 1921 годзе на магіле быў зроблены мемарыял. Ён складаўся з вялікага драўлянага крыжа працы віленскага архітэктара Антона Вівульскага і мармуровай шыльды з імёнамі ўсіх пахаваных. У 1940 годзе, пасля таго, як Сталін перадаў Вільню Літве, крыж быў спалены, а шыльда знікла без следу. З тых часоў колішняя “пляцоўка для крыкету” ператварылася ў звычайную, парослую травой пустку.”

У п’есе Уладзіміра Караткевіча “Кастусь Каліноўскі” галоўны герой кажа генерал–губернатару Мураўёву: “Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця на вышыню нашых магіл”. Бадай што вышэйшай магілы сярод знакмітых беларусаў няма.

svabodaby.net/