Еўрапарламент асудзіў палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі
У дакумэнце вітаецца рашэньне Рады ЭЗ падоўжыць у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў санкцыі да кастрычніка 2010 году, а таксама замарозіць іх на гэты тэрмін.
Дыялёг па правах чалавека зь Беларусьсю “павінен ставіць мэтай канкрэтныя вынікі і істотны прагрэс у галіне дэмакратызацыі і вяршэнства закону”.
У выпадку дастатковага прагрэсу санкцыі ў дачыненьні да краіны павінны быць скасаваныя, а працэсы інтэграцыі паскораныя, адзначаецца ў рэзалюцыі.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікаюць Эўракамісію разгледзець магчымасьць зьменшыць кошт візаў для беларусаў і спрасьціць працэдуру іх атрыманьня, а таксама падрыхтаваць рэкамэндацыі для перамоваў па пагадненьнях аб палягчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі (вяртаньні нелегальных мігрантаў у краіну, адкуль тыя прыбылі).
Рэкамэндавана таксама стварыць прамежкавы плян прыярытэтных рэформаў у Беларусі, каб вярнуцца да падпісаньня Пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве.
“Дыялёг па Эўранэсьце павінен быць прадуктыўны, — гаворыцца ў дакумэнце. — Беларусь будзе запрошаная да паўнавартаснага ўдзелу, калі парлямэнт краіны будзе абраны ў выніку свабодных выбараў. Пакуль жа ўсе рашэньні прамежкавыя”.
У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамэндацыя Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку і Эўрапейскаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця разгледзець магчымасьць павелічэньня фінансавай дапамогі Беларусі, асабліва дробнаму і сярэдняму бізнэсу.
Эўрапарлямэнтары чакаюць, што ў бліжэйшы год беларускія ўлады рэфармуюць закон аб СМІ ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі міжнародных экспэртаў; скасуюць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу; дазволяць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасьці; створаць спрыяльныя ўмовы для працы НДА і незалежных СМІ.
У дакумэнце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў перагледзець прысуды, вынесеныя ўдзельнікам “справы чатырнаццаці”, у прыватнасьці Арцёму Дубскаму, і неадкладна вызваліць з-пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенку.
Эўрадэпутаты выступаюць за “неадкладны мараторый” на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.
Яны таксама заклікалі Менск прызнаць Саюз палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і захоўваць правы нацыянальных меншасьцяў, паведамляе БелаПАН.
Ініцыятыва прыняцьця рэзалюцыі сыходзіць ад старшыні дэлегацыі ў справах Беларусі Эўрапарлямэнту Яцэка Пратасевіча. У праекце блізу 15 пунктаў. Дакумэнт павінны канкрэтызаваць патрабаваньні да беларускіх уладаў Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу ад 17 лістапада 2009 году.