Аляксандр Атрошчанкаў: «Пры гэтым выкрадальнікі «жартавалі»: вязем у Курапаты, застрэлім, закапаем»
У два апошнія дні невядомыя людзі ў цывільным схапілі і вывезьлі за горад лідэра “Эўрапейскай Беларусі” Яўгена Афнагеля і лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча.
Такія выпадкі былі і раней. Сёньня прэсавы сакратар грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Аляксандар Атрошчанкаў распавёў “Свабодзе” пра такую ж гісторыю, якая здарылася зь ім. Гэта адбылося ў 2000-м годзе падчас сьвяткаваньня Дня Волі:
“Мяне схапілі ў раёне плошчы імя Якуба Коласа. Запхнулі спачатку ў міліцэйскую машыну, потым перасадзілі ў аўтазак. І павезьлі невядома куды.
Вазілі дзесьці хвілін 40. Пры гэтым былі такія “жартачкі”: вязём у Курапаты, застрэлім, закапаем. У рэшце рэшт выкінулі мяне дзесьці кілямэтраў 15 за горадам у маскоўскім кірунку.
Канечне, адчуваньні вельмі непрыемныя. І я думаю, што менавіта на гэта і рабіўся разьлік — запалохаць, зламаць псыхалягічна, маральна. Тыя, хто затрымліваў мяне, былі ў масках, астатнія — у чорнай уніформе, бяз знакаў адрозьненьня. Канечне, ніхто не назваў свайго прозьвішча”.
Аляксандар Атрошчанкаў кажа, што ён падаў афіцыйную скаргу ў пракуратуру:
“Але, як звычайна, гэта не дало аніякіх вынікаў. Мне напісалі, што тыя факты, пра якія я распавёў, не пацьвердзіліся. Ніякім чынам”.