Незалежнае выданне папярэдзілі за выкарыстанне рускай мовы
Міністэрства інфармацыі папярэдзіла заснавальніка недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Вольнае Глыбокае» за публікацыі на рускай мове.
Як паведамляе “БАЖ”, Уладзіміра Скрабатуна вінавацяць у парушэнні п.3 арт. 14 закона «Аб сродках масавай інфармацыі», бо ён не паведаміў міністэрству ў належны тэрмін пра змену мовы выдання.
«Вольнае Глыбокае» зарэгістравана як беларускамоўная газета. Але ў двух вераснёўскіх нумарах выдання (NN 36, 38 ад 3, 17 верасня) былі апублікаваныя рэкламныя тэксты на рускай мове. Гэта і стала падставай для вынясення папярэджання.
«Канечне, у будучым мы будзем мець на ўвазе, што гэта з’яўляецца парушэннем», — зазначыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ Уладзімір Скрабатун.
Улічваючы сістэматычны прыгнёт усяго беларускага з боку дзяржавы, такі “клопат” Мінінфармацыі аб роднай мове выглядае не інакш, як здзекам.