18.00: Кастрычніцкая плошча
16 кастрычніка спаўняецца 4 гады з пачатку акцый беларускай салідарнасці. У гэты дзень беларусы выйдуць на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць салідарнасць з ахвярамі палітычных рэпрэсій.
Да гэтага заклікалі лідэры беларускай апазіцыі. Каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель, старшыня “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, старшыня “Моладзі БНФ” Андрэй Крэчка, кіраўнік Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі” Анатоль Лябедзька прынялі сумесны зварот:
“16 кастрычніка 2005 году прайшоў першы Дзень салідарнасці. Тады дзесяткі тысячаў нашых суайчыннікаў запалілі ў сваіх дамах свечкі з мэтай прыцягнуць увагу да рэпрэсіяў, якія адбываюцца ў нашай краіне. На працягу чатырох год 16 чысла кожнага месяца беларусы праводзяць акцыі ў падтрымку палітвязняў і сем’яў зніклых грамадскіх дзеячоў. За гэты час наша салідарнасць і ціск на рэжым з боку дэмакратычных краінаў свету дапамаглі вызваленню з-за кратаў многіх актывістаў апазіцыі.
Нажаль, галоўная мэта дзён салідарнасці да гэтага часу не дасягнутая. У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, за кратамі застаюцца вязні сумлення Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Арцём Дубскі. Разганяюцца мірныя вулічныя акцыі апазіцыі. Улады ўжываюць новыя формы ізаляцыі маладзёжных актывістаў – гвалтоўны прызыў у войска і хатні арышт.
Адзінае, чаго па-ранейшаму баіцца дыктатура, – гэта наша салідарнасць. Толькі яе дэманстрацыя праз вулічныя акцыі можа прымусіць улады спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітвязняў, як гэта ўжо было раней.
Мы заклікаем усіх неабыякавых беларусаў у Дзень салідарнасці 16 кастрычніка а 18.00 выйсці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі беларускіх вязняў сумлення і звярнуцца да ўладаў з патрабаваннем пачаць рэальную лібералізацыю ў краіне, якая магчымая толькі пры спыненні палітычных рэпрэсіяў.”