Станіслаў Шушкевіч Для мяне “Салідарнасць” – гэта Валенса
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаўся з нагоды 29-й гадавіны заснавання прафсаюза "Салідарнасць".
“Для мяне “Салідарнасць” – гэта Валенса. Гэта такая постаць, якая мае велізарнае значэнне для Польшчы і для ўсёй Еўропы, а таксама і для нашай краіны. Ён здолеў зрабіць і змяніць больш, чым любы іншы еўрапейскі лідэр. Калі Валенса з’явіўся ў Польшчы, там было шмат лідераў і структураў, але ўсе іх узначальвалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, а рабочаму Валенсе савецкія ідэёлагі не маглі нічога супрацьпаставіць. Дасягненне Валенсы ў тым, што ён здолеў усіх аб’яднаць вакол сябе. Інтэлектуалы працавалі на простага рабочага, які здолеў абудзіць усю нацыю.
Менавіта таму “Салідарнасць” стала больш чым проста незалежным прафсаюзам. У гэтым і ёсць прыклад, які “Салідарнасць” паказала Беларусі. Беларускім інтэлектуалам таксама трэба як мага хутчэй адмовіцца ад сваіх амбіцый, ад напісання пракламацыяў, вялікіх кніжак і “малых канстытуцый”. Трэба ўсім салідарызавацца для сапраўднай барадзьбы супраць дыктатуры,” — сказаў Станіслаў Шушкевіч прэс-службе грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”