У Мінск прыбывае дырэктар еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэк Бэлька

24 жніўня ў Мінск прыбывае дырэктар еўрапейскага дэпартамента Міжнароднага валютнага фонду Марэк Бэлька.

Як паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве МВФ, ён будзе знаходзіцца ў Беларусі да 26 жніўня ў межах кансультацый па артыкуле IV статута фонду. Гэты артыкул прадугледжвае падаванне неабходнай інфармацыі для штогадовага агляду аб развіцці эканомікі краіны — члена МВФ за папярэдні год, мерах эканамічнай палітыкі на будучы год і перспектыву.

Падчас візіту Бэлькі прадугледжаны яго сустрэчы з найвышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі Беларусі.

У прадстаўніцтве нагадалі, што з 18 жніўня па 2 верасня ў Беларусі працуе група экспертаў МВФ на чале з кіраўніком місіі фонду Крыстаферам Джарвісам. Яны праводзяць кансультацыі ў межах чарговага квартальнага агляду развіцця беларускай эканомікі. Місія ацэньвае ход выканання беларускім урадам праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам stand‑by у агульным памеры 3,52 млрд. даляраў ЗША. Падчас працы місіі запланаваны сустрэчы ва ўрадзе, Нацбанку, міністэрствах эканомікі і фінансаў, Адміністрацыі прэзідэнта.

Беларусь звярнулася па атрыманне крэдыту да МВФ у кастрычніку 2008 года «ў мэтах павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу».

У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла праграму stand‑by для Беларусі ў аб’ёме каля 2,46 млрд. даляраў пад праграму эканамічных рэформ, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам паквартальных справаздач беларускага ўрада.

29 чэрвеня Рада дырэктараў МВФ завяршыў першы агляд у межах дамоўленасці з уладамі Беларусі аб крэдыце stand‑by. Пры гэтым фонд зацвердзіў выдачу чарговага траншу крэдыту ў памеры 679,2 млн. даляраў ЗША і павялічыў у цэлым аб’ём фінансавай падтрымкі на 1 млрд. даляраў — да 3,52 млрд.

Другі транш крэдыту МВФ паступіў у Беларусь 2 ліпеня. Да канца года Нацбанк разлічвае атрымаць ад МВФ яшчэ два траншы на суму 1,35 млрд. даляраў стабілізацыйнага крэдыту.

Умоваю для атрымання наступных крэдытаў ад МВФ стане прыватызацыя дзяржаўных актываў.

***

Марэк Бэлька (нар. у 1952) — вядомы ў міжнародных фінансавых колах эканаміст, прафесар. У 1990—1996 гадах — кансультант Міністэрства фінансаў Польшчы; у 1997, а таксама 2001—2002 гадах — міністр фінансаў Польшчы; у 2004—2005 гадах — прэм’ер‑міністр Польшчы.

У 2006—2008 гадах — намеснік генеральнага сакратара ААН — выканаўчы сакратар Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. З 2008 года — дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ.