Андрэй Саннікаў: Лукашэнка стаў «кульгавай качкай»
Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў лічыць, што адмена візіту Аляксандра Лукашэнкі на саміт Еўрапейскага Звяза ў Прагу азначае, што беларускі дыктатар застаецца персонай нон-грата ў Еўропе.
«Я лічу гэта вынікам дзеянняў дэмакратычных сілаў Беларусі, якіх падтрымалі прынцыповыя еўрапейскія палітыкі і грамадзянская супольнасць Еўропы. Такім чынам Лукашэнка застаецца персонай нон-грата ў Еўропе. З ім не звязваюць будучыя адносіны з Беларуссю. Паводле палітычнай тэрміналогіі яго ўжо можна называць «кульгавай качкай», гэта значыць тым персанажам, паўнамоцтвы якога падыходзяць да канца», — лічыць палітык.
«Мы дамагліся гэтага, і зараз нашая задача дамагчыся вызвалення палітвязняў і правядзення свабодных выбараў у краіне», – заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».
Нагадаем, што сёння ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі афіцыйна абвесцілі аб фармаванні афіцыйнай беларускай дэлегацыі на саміт палітыкі «Усходняга партнёрства», які пройдзе 7 траўня ў Празе. У склад дэлегацыі ўвайшлі першы намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка і міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў.
Раней супраць прыезду на саміт ЕЗ беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі выказаўся прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс. Ён заявіў, што не прыме яго ў сваёй рэзідэнцыі і не падасць яму рукі.
Кіраўнік камісіі чэшскага Сената па падтрымцы дэмакратыі ў свеце Уласціміл Сегнал таксама катэгарычна супраць прыезду Лукашэнкі ў Прагу. «Мы проста не павінны дазволіць яму пакінуць самалёт», – адзначыў палітык.
Еўракамісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер адзначыла, што кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг запрасіў на саміт ЕЗ не асабіста Аляксандра Лукашэнку, а Беларусь.
Рэзка раскрытыкаваў ідэю запрасіць беларускага кіраўніка ў Прагу кіраўнік МЗС Нідэрландаў.
«Мы будзем крытыкаваць беларускага кіраўніка ў Празе, і гэтага нам ніхто не забароніць. Калі краіны «Усходняга партнёрства» хочуць паўнапраўных і партнёрскіх адносінаў з ЕЗ, дык хай паважаюць нашыя каштоўнасці. А нашыя каштоўнасці – гэта дэмакратыя і павага правоў чалавека», – заявіў міністр замежных спраў Нідэрландаў Максім Ферхаген.
Беларускія апазіцыйныя палітыкі і праваабаронцы таксама неаднаразова заяўлялі, што візіт Аляксандра Лукашэнкі немагчымы, пакуль у турмах краіны знаходзяцца палітвязні, працягваюцца рэпрэсіі супраць апазіцыі, адбываецца фальсіфікацыя вынікаў выбараў, не расследуюцца справы аб выкраданнях і забойствах лідэраў беларускай апазіцыі і журналіста.