Жыхарка Менску гатовая аддаць сваю кватэру змагару за свабоду Беларусі
«На адзін з наступных Дзён Волі, я выберу кагосьці з Вас, дарагія юнакі і дзяўчаты, завяду да натарыюса і перапішу сваю кватэру», -- напісала ў лісце ў рэдакцыю газэты «Наша Ніва» мінчанка.
«Мне 74 гады. Так сталася, што засталася я сама, — піша жанчына. — Не буду пра старыя трагедыі…
Пішу я, каб паведаміць: я прыняла для сябе рашэнне перапісаць сваю двухпакаёўку ў спадчыну хлопцу ці дзяўчыне з нацыянальнага руху.
Такія як Севярынец, Дашкевіч, Фінькевіч. Бачу, колькі яны робяць, каб наша Беларусь не знікла, каб наша мова жыла.
Ведаю, што зарабляць ім няма калі. Дый дзе тут заробіш, калі кватэра гэтулькі каштуе. Гэта ўсё робіцца, каб людзі не маглі самі кватэры купляць, а толькі залежалі ад гэтых саветаў, што абселі ўладу.
Знайце: як я адчую сябе слабою, на адзін з наступных Дзён Волі, я выберу кагосьці з Вас, дарагія юнакі і дзяўчаты, завяду да натарыюса і перапішу. Так маленькі плён майго жыцця не прападзе, а ўпадзе на добрую глебу і дасць плён дзеля нашай адзінай Радзімы.
І будзе жыць Беларусь, пакуль Вы, дарагія мае, будзеце жыць!»