КДБ арыштаваў актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава
Моладзевы актывіст Аляксандр Атрошчанкаў арыштаваны некалькі хвілінаў таму ва Ўпраўленні КДБ па Менску і Менскай вобласці. Як паведаміла прэс-цэнтру Хартыі'97 жонка Аляксандра Дар'я, ён быў выкліканы ў КДБ у рамках разгляду па факце канфіскацыі ў Атрошчанкава восенню мінулага года аргтэхнікі і асабістых архіваў.
Напярэдадні Еўрапейскага марша, які прайшоў 14 кастрычніка 2007 года ў Менску, супрацоўнікі міліцыі і КДБ уварваліся ў кватэру, якую здымаў Аляксандр Атрошчанкаў. Супрацоўнікі органаў заявілі аб “трупным паху з кватэры”, на які, нібы, пажаліліся суседзі. У выніку ператрусу былі канфіскаваныя два кампутары і розныя архіўныя матэрыялы. Сам Атрошчанкаў адбыў 10-суткавы адміністрацыйны арышт па традыцыйным абвінавачванні – “нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы”.
Атрошчанкаў некалькі месяцаў дамагаўся вяртання прыналежнай яму аргтэхнікі. Па ягоных словам, былі напісаныя скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі, уключаючы пракуратуру.
Сёння раніцай ён пайшоў ва Ўпраўленне КДБ, каб працягнуць разгляд. Праз некаторы час ён патэлефанаваў жонцы і паспеў толькі сказаць “Даша, мяне забіраюць!”. Пасля гэтага сувязь з ім перапынілася.